Назад, у імпэрыю?

Сёньняшні артыкул Лукашэнкі ў газэце «Известия», у якім ён падтрымаў ідэю Пуціна пра стварэньне Эўразійскага саюзу на постсавецкай прасторы, бясспрэчна, будзе прадметам аналізу і дыскусіяў, мне ж хацелася б пакуль адзначыць дзьве прынцыповыя высновы.

Першая: Лукашэнка і Пуцін адзіныя ў галоўным -- ў імкненьні аднавіць імпэрыю.

Лукашэнка і Пуцін адзіныя ў імкненьні аднавіць імпэрыю

Мне запярэчаць – расейскі прэм'ер заяўляе не пра аднаўленьне СССР (сказана ж было Пуціным: той, хто не шкадую пра развал СССР, ня мае сэрца, той, хто марыць аднавіць СССР- ня мае розуму). Гаворка ідзе, скажуць мне, толькі пра новыя формы інтэграцыі, і выключна на добраахвотнай аснове -- пра Эўразійскі саюз, пра Мытны саюз, пра агульную эканамічную прастору і г.д.

Але давайце ня будзем падманваць саміх сябе: Савецкі Саюз таксама нідзе і ніколі юрыдычна не называўся імпэрыяй, больш за тое, быў саюзам фармальна «сувэрэнных» рэспублік, дзьве зь якіх – БССР і УССР -- нават мелі пэўныя міжнародныя правы на ўзроўні Францыі ці ЗША, бо ўваходзілі ў склад ААН (а вось РСФСР – не ўваходзіла). І Беларусь таксама «добраахвотна» у 1922 годзе падпісала «саюзную дамову», ніхто на цырымоніі ў Вялікім тэатры над менскай дэлегацыяй з маўзэрам не стаяў (праўда, перад гэтым бальшавікам давялося зьнішчыць БНР і падавіць у крыві Слуцкае паўстане).

Але імпэрская сутнасьць СССР (дыктат цэнтру і ў вялікім, і ў малым) ад такой «добраахвотнасьці» не мянялася.

Сёньня Масква ўжо дыктуе колер аўтамабільных паваротнікаў

Сёньня Масква ўжо дыктуе ня толькі геапалітычны выбар, але нават і колер аўтамабільных паваротнікаў (забарона на ўвоз у краіны Мытнага саюзу амэрыканскіх аўтамабіляў, паваротнікі якіх колерам адрозьніваюцца ад расейскіх -- менавіта з гэтай сэрыі).

Нехта, напэўна, скажа пра «перамогу» Масквы, пра тое, што Лукашэнку «прымусілі»...

Забудзьцеся. Лепей прыгадайце, што ўжо ў пачатку верасьня 1991-га, праз тыдзень пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, дэпутат ВС Лукашэнка публічна паставіў пад сумнеў мэтазгоднасьць наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, а летам 1993-га заявіў пра неабходнасьць аднаўленьня савецкай імпэрыі.

Трэба меркаваць, таму і быў заўважаны пэўнымі коламі ў Маскве.

Паўтары гады таму мне давялося выказаць меркаваньне, што Крэмль падтрымае Лукашэнку на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах, а таксама і на наступных, у 2016-ым, ці калі іх там прызначаць.

Тады гэта ўспрынялі як недарэчнасьць – вы пра што, якое падтрымае? Падзеі бліжэйшых месяцаў нібыта яшчэ больш абвяргалі мой прагноз. Ціск Масквы на Лукашэнку ўзмацняўся, за «Хросным бацькам»-1 пайшлі нумар 2 і 3, адмаўлялі у крэдытах... І, нарэшце, эпагей, падзея, пасьля якой хто шмат пачаў адлічваць апошнія дні прэзыдэнцтва Лукашэнкі: Мядзведзеў заявіў, што лёс гвалтоўна зьніклых у Беларусі неабыякавы для Расеі...

Але больш пра правы чалавека ў Беларусі Масква ня ўзгадвала.

І вынікі "выбараў" -- прызнала.

За дзесяць месяцаў, што прайшлі пасьля 19-га сьнежня, ні Мядзьведзеў, ні Пуцін, ні сьпікеры абедзвюх палатаў расейскага парлямэнту, ні кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Расейскай Фэдэрацыі – ніхто з крамлёўскай улады ні слова не сказаў ў абарону беларускіх палітычных вязьняў. Мы чулі і чуем заявы кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу, прадстаўнікоў ЗША і Канады, міжнародных арганізацыяў – і маўчаньне афіцыйнай Масквы.

І, перакананы, Крэмль будзе маўчаць надалей.

Апошнія 200 гадоў Расея не спрыяла ўсталяваньню ў Беларусі дэмакратычнай традыцыі

Гісторыкі пацьвердзяць, што ў апошнія 200 гадоў Расея не спрыяла ўсталяваньню ў Беларусі дэмакратычнай традыцыі (а некаторыя гісторыкі наўпрост заявяць пра акупацыю). Як чалавек, які меў дачыненьне да нядаўніх палітычных працэсаў, магу пацьвердзіць, што і ў апошнія 20 гадоў Масква ніколі не паспрыяла дэмакратызацыі Беларусі.

З чаго раптам чакаць, што традыцыя будзе парушаная?

І другая выснова: у чарговы раз назваўшы распад СССР (чытай – дасягненьне незалежнасьці Беларусі) «найглыбейшай, трагічнай памылкай», Лукашэнка яшчэ раз пацьвердзіў, хто зьяўляецца самым вялікім фактарам небясьпекі для незалежнасьці краіны, якой яго паставілі кіраваць.