Страйк у Барысаве завяршыўся

Your browser doesn’t support HTML5

Пратэставалі камунальнікі

25 кастрычніка ў Барысаве працягвалі страйкаваць працаўнікі спэцаўтагаспадаркі – транспартнай арганізацыі, якая адказвае за вываз сьмецьця, а таксама "Зелянбуда". Страйк спыніўся апоўдні. Працоўныя паверылі абяцаньням начальства, што ім падвысяць заробкі.

15.05 Затрыманы раней журналіст інтэрнэт-выданьня ex-press.by Аляксандар Зянкоў адпушчаны на волю.

Зянкова затрымалі ў 9.08 раніцы 25 кастрычніка, калі ён здымаў страйкоўцаў. Яго адпусьцілі праз чатыры гадзіны.

Супрацоўнікі міліцыі правялі дагляд яго асабістых рэчаў і сьцерлі запіс на відэакасэце. Быў таксама складзены адміністрацыйны пратакол, піша БелаПАН.





Прадстаўнік адміністрацыі Мікалай Кацуба






12.48 Працоўныя заявілі "Свабодзе", што яны паверылі абяцаньням начальства падвысіць заробкі і вяртаюцца да працы. Прадстаўнікі адміністрацыі цьвердзяць, што ніякага страйку не было — было толькі "высьвятленьне працоўных момантаў". Працоўныя кажуць, што сярэдні заробак на прадпрыемстве — 1,2 мільёна рублёў. Заробак не падымалі зь леташняга лістапада. На прадпрыемстве працуе каля тысячы чалавек.


12.45 Віктар Стукаў, старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу ААТ “Полацак-Шкловалакно”: “У нас таксама бывалі вось такія стыхійныя страйкі год 15 таму. Прыкладам, атрымалі рабочыя заробак, убачылі, што ён невялікі. І папярэджваюць начальства: “Калі пасьлязаўтра да пачатку нашай зьмены ня будзе загаду пра падвышэньне, то папсуем усю прадукцыю”. Спыніць працу ў нас нельга, бо вытворчасьць бесьперарыўная, а вось парэзаць шклотканіну – гэта можна. Праз дзень зьяўляецца з цэху генэральны дарэктар, бегае-крычыць, рабочыя прадукцыю на склад не здаюць, і праз гадзіны тры – ужо ёсьць загад пра падвышэньне заробку!

Бывала, што страйкавалі жанчыны-ткачыхі, таксама патрабавалі падвышэньня заробку. І ім падвышалі… Але з тае пары, як зьявіліся працоўныя кантракты, слова “страйк” у нас пад забаронай. Аднойчы мы выпусьцілі наш бюлетэнь “Стекляшка” і там расьпісалі, якія бываюць страйкі. Дык адміністрацыя пасравыла бюлетэні з дошак для аб’яваў і крычала, што мы заклікаем страйкаваць…

У Барысаве страйкоўцы – малайцы. Добра, што не спалохаліся і што дамагліся свайго. Але я не выключаю, што далейшае разьвіцьцё падзей будзе такое: адміністрацыя падасьць на ўдзельнікаў у суд, і там прызнаюць, што страйк быў незаконны. Абяцанае падвышэньне адменяць, а “падбухторшчыкаў” пакараюць – або адміністрацыйна, або проста “разьлічацца” непрацягненьнем кантракту. Я мяркую, што работнікам ЖКГ трэба ствараць свой незалежны прафсаюз, каб адстойваць свае правы арганізавана”.


12.30 "Умовы для страйку ЖКГ ёсьць і ў Берасьці"

Кіраўнік Свабоднага прафсаюзу Беларускага па Берасьцейшчыне, намесьнік кіраўніка рэспубліканскай арганізацыі гэтага прафсаюзу Валянцін Лазарэнкаў кажа, што цяпер існуюць усе ўмовы, каб узьніклі стыхійныя страйкі ў розных рэгіёнах краіны:

Калі на сёньняшні дзень 500 тысяч хапае толькі на тое, каб пракарміцца, то фактычна — мы рабы
"Страйкі магчымыя з той прычыны, што розьніца паміж заробкам і рэальным спажывецкім бюджэтам парушаная ў два разы. І калі наш урад нічога сёньня ня робіць у гэтым напрамку, то страйкі непазьбежныя. З кастрычніка мінулага году якраз гэтая сума паміж стаўкай першага разраду і непасрэдна спажывецкім кошыкам была паднятая да мінімальнага заробку. На сёньняшні дзень міністар па сацыяльнай абароне і працы Шчоткіна давала інфармацыю, што на 28% паднятая стаўка першага разраду. Але што такое 150 тысяч на сёньняшні дзень? І калі на сёньняшні дзень 500 тысяч хапае толькі на тое, каб пракарміцца, то фактычна — мы рабы. Вядома, пры такіх умовах рана ці позна будуць страйкі. Я ведаю праблемы і ў Берасьці. Камунальная гаспадарка на сёньняшні дзень настолькі адміністраваная, што там сядзяць чыноўнікі, якія зьядаюць усе заробкі, якія толькі магчымыя. А куды грошы дзяваюцца з камунальных паслугаў, невядома… Таму ўмовы для страйку ёсьць".

12.20 Намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Леў Марголін, які жыве ў Барысаве, заявіў "Свабодзе", што страйк камунальнікаў зусім не выпадковы:
"Калі ўжо працаўнікі ў Барысаве пачалі страйкаваць, то, значыць, іх, як кажуць, дапякло. Жыльлёва-камунальная гаспадарка ніколі не адзначалася добрымі заробкамі, а праца там пераважна фізычная і даволі цяжкая, нават брудная... Я мяркую, што такія выпадкі будуць паўтарацца. Па-першае, ЖКГ ёсьць ува ўсіх рэгіёнах Беларусі і іх эканамічны стан таксама ня лепшы. Па-другое, пагаршаецца цяпер сытуацыя ў прамысловасьці ды іншых галінах народнай гаспадаркі. Тут таксама цяпер узмацняюцца пратэсты".


12.00 Сазонаў: "Людзі страцілі спачатку надзею, а цяпер страчваюць і страх"

Грамадзкі актывіст з Горадні камэнтуе страйк у Барысаве: "Дапякло. Гэта першае. А па-другое, калі раней у людзей быў перамяшаны страх з надзеяй і чалавек баяўся страйкаваць, каб ня страціць працу, і спадзяваўся, што яшчэ нешта наладзіцца, то цяпер чалавек бачыць, што надзея страчаная і ён ня можа ўсё жыцьцё баяцца. Вось патроху гэты страх у чалавека зьнікае і ён ідзе змагацца за сваё".


11.40 Перамовы ў спэцаўтагаспадарцы УП "Жыльлё" завяршыліся. Начальнік УП "Жыльлё" Шархун паведаміў, што ўжо прынята рашэньне павялічыць з кастрычніка заробак на 20%. Ён таксама паабяцаў, што павышэньне заробку будзе адбывацца і надалей. Акрамя таго, чыноўнік запэўніў, што ў бліжэйшыя дні будзе прызначаны новы кіраўнік спэцаўтагаспадаркі.

11.00 Раніцай міліцыя затрымала журналіста сайта ex-Press.by Аляксандра Зянькова, які зыдмаў стайкоўцаў на тэрыторыі спэцаўтагаспадаркі.

мясцовы актывіст Міхась Васільеў


10.50 У Барысаве на вытворча-гаспадачай базе УП "Жыльлё", што на вуліцы Ватуціна, працягваецца страйк працаўнікоў "Спэцаўтабазы" і "Зелянбуда". Да страйкоўцаў у суправаджэньні двух маёраў міліцыі падышоў дырэктар УП "Жыльлё" Мікалай Шархун. Акрамя яго, на тэрыторыі зьявіліся й прадстаўнікі Барысаўскага райвыканкаму й супрацоўнік камітэту Дзяржкантролю.

Цяпер частка ўдзельнікаў страйку і чыноўнікі, якія прыехалі, вядуць перамовы.Тыя, каму не хапіла месца ў памяшканьні, чакаюць вынікаў на вуліцы. Да працы ніхто з шараговых працаўнікоў яшчэ не прыступаў.

Напярэдадні са страйкоўцамі сустракаўся дырэктар УП "Жыльлё" Мікалай Шархун. Аднак яму не ўдалося пераканаць працаўнікоў, што адміністрацыя павялічыць заробак на 30 %. Людзі заявілі, што гэтага мала, бо зараз максымум, што можна атрымаць за месяц цяжкай працы – 1,7 мільёны рублёў.



Фота Ex-press.by