З крамаў зьніклі дзіцячыя мясныя кансэрвы

З паліцаў крамаў зьнікае дзіцячае мясное харчаваньне. Калі раней у вялікіх унівэрсамах было да 20 найменьняў мясных кансэрваў толькі беларускай вытворчасьці, то цяпер засталіся імпартныя, даражэйшыя за беларускія ў некалькі разоў . Чаму мясныя кансэрвы для дзетак сталі дэфіцытам.

У вялікім унівэрсаме на праспэкце Незалежнасьці зь дзіцячых мясных кансэрваў у продажы было толькі трусінае мяса расейскай вытворчасьці па цане 14 200 рублёў за 100-грамовы слоік. Загадчыца крамы паскардзілася, што кожны дзень дае заяўкі на холадакамбінаты на прадукцыю Аршанскага мясакамбінату, але ўжо два месяцы крама нічога не атрымлівае. Зь імпартнымі мяснымі кансэрвамі таксама перабоі.

Адказная супрацоўніца холадакамбінату, якая папрасіла не называць яе пасаду і прозьвішча, распавяла Радыё Свабода:

"Зрабілася менш паставак, і цягнецца гэта ўжо месяцы два. Я не магу сказаць вам, куды што сплывае, але на сёньняшні дзень на загад Мінгандлю ў нас разьмеркаваныя крамы, падзеленыя паміж першым і другім холадакамбінатамі, і цяпер у першую чаргу пастаўляем дзіцячае харчаваньне ў тыя крамы, якія абслугоўваюць дзетак-ільготнікаў. То бок са шматдзетных сем'яў, малазабясьпечаных. А што застаецца, аддаем у розьнічны гандаль. Пакуль мы атрымліваем значна менш, чым павінны".

Аршанскі мясакансэрвавы камбінат — адзінае ў Беларусі прадпрыемства, якое вырабляе мясное дзіцячае харчаваньне. Там нашаму тэлефанаваньню ня вельмі ўзрадаваліся:

на дзіцячыя кансэрвы ідзе адборнае мяса вышэйшага гатунку. Дзе нам яго ўзяць? ...

"Я ж ужо тлумачыла: на дзіцячыя кансэрвы ідзе адборнае мяса вышэйшага гатунку. Дзе нам яго ўзяць? Або нам пусьціць працаўнікоў мясакамбінату на вашы кансэрвы?! Дайце спакойна працаваць, не адцягвайце мяне ад працы!"

Аршанскае мясное дзіцячае харчаваньне істотна падаражэла, а перад павышэньнем цэнаў людзі па звычцы рабілі запасы, распавяла супрацоўніца Менскага холадакамбінату №1:

"Калі яно было параўнальна таннае, то проста скуплялася. А цяпер, калі ўжо цэны ўзьняліся, яно не такое ўжо і таннае — больш за 4 тысячы за слоік 100-грамовы".

А як выходзяць са становішча мамы і таты, у якіх маленькія дзеці? Што яны кажуць пра цэны?

Маладая маці: "Расейская кансэрвы па 8—10 тысяч, а мясныя наагул па 12—18 тысяч за малюсенькі слоік. Мясныя прадукты я стараюся гатаваць для дзіцяці сама: купляю мяса і вару і кармлю. Я кансэрвы стараюся толькі ў крайнім выпадку даваць".

Малады бацька: "Няма мясных кансэрваў, вельмі дрэнна, што яны зьніклі. Купляем мяса, а потым фарш зь яго робім".

Але многія маладыя маці наракаюць ня толькі на высокія цэны, але і на якасьць дзіцячага харчаваньня:

"І расейскае, і беларускае дзіцячае харчаваньне ў гэтых плоскіх бляшанках — гэта нейкі жах! Там мяса, па-мойму, наагул вельмі мала, спрэс напаўняльнікі нейкія. Яны і на смак такія, што сам нават з галадухі есьці ня будзеш, ня тое што дзецям даваць. Таму купляю сьвініну, ялавічыну, кураціну, вару доўга-доўга, разьмінаю — ну, а што рабіць? Вядома, каб я магла пайсьці і купіць смачныя дзіцячыя кансэрвы добрай якасьці, гэта было б нашмат больш прыемна".