Дзяды ў Празе: кветкі заснавальнікам БНР  

Сёньня праскія беларусы прыйшлі на Альшанскія могілкі, каб ушанаваць памяць заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Уніяцкі сьвятар Андрусь Абламейка правёў службу на магілах прэзыдэнтаў БНР Пётры Крэчэўскага і Васіля Захаркі, сьпявака Міхася Забэйды-Суміцкага. Быў узгаданы і міністар земляробства і міністар унутраных спраў БНР Тамаш Грыб, які таксама знайшоў спачын на Альшанскіх могілках.

“Гэтыя асобы ляжаць тут пад надмагільлямі з выявамі “Пагоні” і бел-чырвона-белага сьцягу, - сказаў Сяргей Навумчык. -- Цяперашні кіраўнік Беларусі ў свой час зьдзекліва разважаў пра “сьцяжкі”, якія, нібыта, мала чаго вартыя, але тых, хто сёньня ў Менску выходзіць пад сьцягамі, зьбіваюць і караюць больш жорстка, чым тых, хто выходзіць па заробак. Відаць, для ўлады сьцягі маюць куды большую небясьпеку”.

На завяршэньне быў прасьпяваны духоўны гімн “Магутны Божа”.