Бюджэтнікаў ізалююць ад "нядобранадзейных" інтэрнэт-сайтаў

Нацыянальны апэратар электрасувязі "Белтэлекам" гатовы блякаваць доступ больш як да трох дзясяткаў сайтаў, наведваньне якіх забаронена на загад Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце Беларусі. Пакуль абмежаваньні тычыцца карыстальнікаў зь дзяржаўных структураў. У ліку рэсурсаў, якія клясыфікуюцца як экстрэмісцкія ці такія, што распаўсюджваюць матэрыялы непрыстойнага зьместу, – шэраг грамадзка-палітычных сайтаў, уключна зь "Беларускім партызанам", "Хартыяй-97", prokopovi.ch, блогам Яўгена Ліпковіча.

У офісе "Белтэлекаму" пра навацыі кажуць расплывіста. Вось што на просьбу пацьвердзіць факт забароны на доступ да асобных сайтаў адказала прадстаўніца дзяржаўнага інтэрнэт-апэратара Аліна Гушчо:

"Не камэнтуем пакуль што нічога адносна ўсёй гэтай справы. Ведаю, што шмат каго гэта цікавіць, яшчэ на мінулым тыдні пачалі запытваць, што там і як. Але пакуль нічога сказаць не магу. Можа, штосьці больш зразумела будзе да канца дня".

Удзень 28 лістапада доступ да сайтаў з "чорнага сьпісу" яшчэ быў, аднак у распараджэньне адміністрацыяў шэрагу інтэрнэт-рэсурсаў трапіла дакумэнтальнае пацьверджаньне падрыхтоўкі да кропкавай атакі на інтэрнэт-старонкі, якія не даспадобы ўладам. Зьмест лістоў, атрыманых дзяржаўнымі ўстановамі ад рэгіянальных прадстаўніцтваў "Белтэлекаму", напісаны як пад капірку:

"З мэтай выкананьня прэзыдэнцкага ўказу і ў адпаведнасьці з палажэньнем аб парадку абмежаваньня доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў да інфармацыі, забароненай да распаўсюду, пры атрыманьні інфармацыі зь сеткі Інтэрнэт вам неабходна выкарыстоўваць наступныя ІР-адрасы DNS-сэрвэраў…".

Пералічыўшы адрасы сэрвэраў сыстэмы дамэнных імёнаў, упаўнаважаныя "Белтэлекаму" папярэджваюць: у іншым выпадку апэратар не нясе адказнасьці за няякаснае прадстаўленьне паслугаў доступу ў інтэрнэт ці поўную яго адсутнасьць.



У адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам № 60 правайдэры абавязаныя блякаваць доступ да сайтаў з "чорнага сьпісу" для дзяржаўных органаў, а таксама арганізацыяў адукацыі і культуры. Экспэрт у галіне інфармацыйных тэхналёгіяў Іван Нядбайскі лічыць, што спроба "сьціснуць" віртуальную прастору для карыстальнікаў – наўпроставы працяг агульнай палітыкі дзяржавы на абмежаваньне правоў і свабодаў грамадзянаў краіны:

"Указ № 60 дае толькі агульны кірунак, але ня больш за тое. Насамрэч усё аддадзена на водкуп Апэратыўна-аналітычнаму цэнтру. Таму застаецца толькі паціснуць плячыма ў адказ на такое бяспраўе. Гэта па-першае. Па-другое, мабыць, памятаеце, якое заключэньне даў Канстытуцыйны суд адносна зьменаў і дадаткаў у закон аб правах і абавязках органаў дзяржаўнай бясьпекі? Дык вось, яны атрымалі такія правы, якія нікому ня сьніліся ў ніводнай краіне сьвету. І гэта зьвёны аднаго ланцуга, бо пры такім татальным кантролі будзе выкараняцца ўсё, што з гледзішча ўладаў падаецца спробай расхістаць дзяржаўны лад. Рэагаваць нейкім чынам, вядома, трэба, але выглядае, што ў цяперашняй сытуацыі гэта проста бессэнсоўна".

Пераважная большасьць сайтаў, на якія распаўсюджваецца цэнзура, утрымліваюць эротыку і парнаграфію. Але ёсьць і тыя, доступ на якія абмежаваны з палітычных прычынаў. Калі з сайтамі "Хартыя-97" і "Беларускі партызан" збольшага ўсё зразумела, то, прыкладам, першы віртуальны пункт абмену валюты prokopovi.ch трапіў у прыцэл Генпракуратуры ў разгар валютнага крызісу.

У ліку забароненых і старонка папулярнага блогера Яўгена Ліпковіча на LiveJournal, дзе, паводле экспэртных ацэнак, "распаўсюджвалася інфармацыя дэструктыўнага характару". Дарэчы, разам аказаліся заблякаваныя яшчэ блізу 300 блогаў, IP-адрас якіх быў адзін на ўсіх. Камэнтуе Яўген Ліпковіч:

Яўген Ліпковіч

"Што вам з гэтай нагоды сказаць? Ды пляваць мне на іх. Калі ўлады лічаць, што трэба блякаваць сайты для дзяржаўных структураў, то чаму я павінен плаціць ім падаткі? Вярніце мне мае падаткі! Я не хачу ўтрымліваць дзяржаву ў такім выглядзе, калі прымаюцца такія шалёныя рашэньні. Цэнзура ў нас забароненая паводле закону. Але пракуратура на гэта глядзіць скрозь пальцы, сама выдае незаконныя пастановы. 33-ці артыкул Канстытуцыі ў нас, у рэшце рэшт, дзейнічае ці ня дзейнічае? Я ня ведаю. І ніхто ня хоча патлумачыць, як усё насамрэч адбываецца: як суадносіцца блякаваньне сайтаў толькі для дзяржструктураў і канстытуцыйнае патрабаваньне аб забароне цэнзуры? Я, у прынцыпе, ня супраць, калі блякуюць нейкія сайты з парнаграфіяй, тут ніхто не пратэстуе. Але ўсё роўна павінна быць судовае рашэньне. А тут камусьці ў галаву стрэльнула – і ўсё".

Пры гэтым дзяржава намагаецца пашыраць свой уплыў на віртуальную прастору. Напачатку лістапада Савет рэспублікі Нацыянальнага сходу прыняў папраўкі ў законапраект "Аб унясеньні дадаткаў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях", якія прадугледжваюць адказнасьць за парушэньне патрабаваньняў на абмежаваньне доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў да інфармацыі, забароненай у адпаведнасьці з заканадаўствам.

************************

Інакш свабоду ў сеціве разумеюць у Эўразьвязе.

Эўрапейскі суд справядлівасьці ў Люксэмбургу на мінулым тыдні рашыў, што правайдэры інтэрнэтных паслугаў не абавязаныя весьці маніторынг інтэрнэтнай актыўнасьці іх кліентаў, каб сачыць за нелегальным распаўсюджаньнем музыкі і іншых матэрыялаў, якія абараняюцца аўтарскімі правамі.

Рашэньне было агучанае ў справе групы ўласьнікаў музычных аўтарскіх правоў супраць інтэрнэтнага правайдэра, кліенты якога нібыта займаліся нелегальнай рассылкай музычных файлаў.

Эўрапейскі суд справядлівасьці сказаў, што такое адсочваньне актыўнасьці ў інтэрнэце парушала б «свабоду бізнэсу, права на ахову асабістых дадзеных і свабоду пасылаць і атрымліваць інфармацыю».

У Беларусі прэзыдэнцкі ўказ № 60 «Аб захадах на ўдасканаленьне выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт», падпісаны 1 лютага 2010 году, абавязвае ўладальнікаў і адміністратараў інтэрнэт-клюбаў праводзіць ідэнтыфікацыю наведвальнікаў, захоўваць запісы і асабістыя дадзеныя карыстальнікаў.