«Турма» Ўладзімера Някляева

Уладзімер Някляеў

Паэт і кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў пачаў пісаць паэму ў рэдкія ад допытаў і катаваньняў хвіліны ва ўнутранай вязьніцы КДБ.
У турму палітыка, пасьля зьбіцьця і выкраданьня зь лякарні позна ўвечары 19 сьнежня 2010 году кінулі спэцслужбы. А закончыў Уладзімер Някляеў гэты твор пад хатнім арыштам.

Паэма «Турма» — складаны мэтафарычны твор, у якім паэт асэнсоўвае духоўны стан сучаснага беларускага грамадзтва і разважае над вечнай праблемай выбару паміж праўдай і злом, годнасьцю і подласьцю, каханьнем і здрадаю.


Your browser doesn’t support HTML5

Уладзімер Някляеў чытае ўрывак з паэмы «Турма»



Фрагмэнты «Турмы» гучалі на хвалях «Свабоды» штосуботу ад 19 лістапада да 17 сьнежня. Цяпер вы можаце паслухаць усе пяць частак гэтага твора.

Your browser doesn’t support HTML5

Уладзімер Някляеў. Паэма «Турма»



Уладзімер Някляеў

Нарадзіўся 9 ліпеня 1946 г. у Смаргоні. Вучыўся ў Менскім электратэхнікуме сувязі, на аддзяленьні паэзіі Літаратурнага інстытуту, скончыў філялягічны факультэт Менскага пэдагагічнага інстытуту. Паэт, празаік, грамадзка-палітычны дзяяч, ляўрэат шэрагу прафэсійных і дзяржаўных узнагародаў за літаратурную дзейнасьць.

Жанаты, мае дзьвюх дачок.

Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмэханікам у менскім тэлевізійным атэлье.

Заняўся журналістыкай, супрацоўнічаў з газэтай «Знамя юности», рэдагаваў бюлетэнь «Тэатральны Менск», быўстаршым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачаньня, галоўным рэдактарам часопіса «Крыніца», штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». З 1998 па 2001 г. старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Зь ліпеня 1999 г. жыў у Польшчы, публічна абвясьціўшы аб разрыве зь беларускімі ўладамі. Жыў таксама ў Фінляндыі.

У 2005 г. абраны кіраўніком беларускага ПЭН-цэнтру.

У 2009 г. добраахвотна пакінуў пасаду.

У 2010 г. ініцыяваў стварэньне грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», якой улады адмовілі ў рэгістрацыі.

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 г.

19 сьнежня 2010 г. быў зьбіты да непрытомнасьці ў цэнтры Менску па шляху на акцыю пратэсту. З чэрапнамазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. Празь некалькі гадзінаў быў адтуль выкрадзены супрацоўнікамі спэцслужбаў.

Апынуўся ў СІЗА КДБ, быў абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў. З моманту зьбіцьця 19 сьнежня да пераводу пад хатні арышт 29 студзеня перанёс чатыры гіпэртанічныя крызы і ня меў магчымасьці сустрэцца з адвакатам.

17 лютага 2011 г. агульны сход ПЭН-цэнтру прыняў рашэньне вылучыць Някляева на Нобэлеўскую прэмію.

30 сакавіка 2011 г. абвінавачаньне замененае на больш мяккае — арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх.

20 траўня 2011 г. судзьдзя Фрунзэнскага суду Менску Жана Жукоўская асудзіла Някляева на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 2 гады. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня.