Вываз у лес — улюбёны прыём нашчадкаў чэкістаў

Будынак КДБ у Менску.

19 сьнежня ў Менску пасьля пэрфомансу «КДБацька» зьніклі тры актывісткі ўкраінскага жаночага руху Femen. Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко і Аляксандра Нямчынава ў грыме з вусамі і з плякатамі «Жыве Беларусь!» топлес акупавалі прыступкі будынка КДБ, скандуючы лёзунгі ў падтрымку беларусаў. Нягледзячы на тое, што адразу пасьля акцыі дзяўчатам удалося ўцячы, празь некалькі гадзінаў тэлефонная сувязь зь імі зьнікла. А праз суткі яны знайшліся ў лесе блізу глухой вёскі ў Ельскім раёне — зьбітыя, маральна і фізычна прыніжаныя. У сілавых структурах гавораць, што ня маюць да гэтага ніякага дачыненьня.

Аляксандра Нямчынава

Іна Шаўчэнка

Аксана Шачко

Амаль суткі нічога не было вядома пра трох актывістак Femen. Толькі сёньня ў другой палове дня шакуючыя факты іх падарожжа ў Беларусь дазналася кіраўніца арганізацыі Ганна Гуцал, да якой дзяўчаты здолелі датэлефанавацца. Як расказала Ганна, учора ўвечары ўкраінак на менскім вакзале захапілі супрацоўнікі КДБ, усю ноч вазілі іх у машыне, потым вывезьлі ў лес, аблілі алеем, пагражалі падпаліць, адрэзалі валасы, пры гэтым ўсё здымалі на відэакамэру. Там жа іх і пакінулі, забраўшы папярэдне ўсе дакумэнты. Дзяўчаты самастойна дабраліся да вёскі Бякі́ Ельскага раёну Гомельскай вобласьці, дзе і папрасілі тэлефон у мясцовых жыхароў. Дзеля высьвятленьня абставінаў таго, што адбылося, на Гомельшчыну выехалі супрацоўнікі ўкраінскага кансуляту.

Ганна Гуцал кажа, што, відаць, недаацанілі яны мэтады працы беларускага КДБ:

«Я думаю, што мы недаацанілі ня тое што магчымасьці КДБ, недаацанілі іх цынічнасьць, іх беспрынцыпнасьць. Мы чакалі, што можам быць арыштаваныя і былі гатовыя да гэтага. Тады, прынамсі, мы ведалі б: дзе знаходзяцца дзяўчаты, як ім дапамагчы, што з гэтым усім рабіць? А ў дадзенай сытуацыі мы апынуліся ў такім становішчы, што ня ведалі, дзе яны. Людзі проста зьніклі! Мы спадзяваліся, што як грамадзяне іншай краіны будзем у большай бясьпецы, што яны не дазволяць сабе падобнае стаўленьне да грамадзянаў іншай дзяржавы. Але аказалася, што ім пляваць на меркаваньне міжнароднай грамадзкасьці і яны дазваляюць сабе рабіць зь людзьмі ўсё, што заўгодна».

Мэтады КДБ яшчэ раней адчувалі на сабе беларускія дэмакратычныя актывісты ды журналісты.

Упершыню набыткам галоснасьці стала гісторыя з вывазам у лес аднаго з заснавальнікаў сайту «Хартыя-97» і актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Алега Бябеніна, які год таму пры загадкавых абставінах нібыта скончыў жыцьцё самагубствам. Алег расказваў, што ў 1997 годзе яго выкралі невядомыя і завезьлі ў лес, дзе пагражалі — маўляў, на ягоным прыкладзе пакажуць, як сябе трэба паводзіць з уладамі. Тады журналіст абышоўся малой крывёй: у яго забралі грошы і рэдкі тады сотавы тэлефон.

У новым тысячагодзьдзі такіх выпадкаў паболела. Цягам апошніх гадоў хапалі ў цэнтры Менску, а потым вывозілі ў лес цэлы шэраг моладзевых актывістаў. У лістападзе 2009 году быў выкрадзены актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Ўладзімер Лемеш. Яго вывезьлі за горад і пакінулі за 25 кілямэтраў ад сталіцы, папярэдне адабраўшы мабільны тэлефон.

У сьнежні таго ж году аналягічным чынам быў схоплены лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Яго пакінулі ў лесе на Лагойшчыне.

У такой жа ролі пабывалі іншыя маладафронтаўцы — Мікола Дземідзенка і Дзяніс Карноў. За межы гораду гвалтоўна вывозілі і каардынатара грамадзкай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля.

Не абміналі звыклыя яшчэ ад сталінскіх часоў мэтады барацьбы і слабы пол — у лес вывозілі адну з кіраўніц «Маладога фронту» Насту Палажанку.

Летась, падчас напружаных адносінаў Масквы і Менску, у падобнай ролі аказаліся апэратар здымачнай групы праграмы «ЧП. Расследование» расейскага тэлеканалу НТВ Юрый Бабенка і карэспандэнт Аляксей Малкаў. Іх затрымалі падчас падрыхтоўкі матэрыялу да дакумэнтальнага фільму «Хросны бацька». Як потым згадваў сам Бабенка, іх пасадзілі ў фургон, вывезьлі за горад, дзе ў «нефармальнай абстаноўцы» дапыталі. Пасьля вывезьлі да мяжы пад Воршу, дзе адабралі зьняты матэрыял і сім-карткі з мабільных тэлефонаў.