Сяргея Каваленку перавялі ў адзіночную камэру і колюць глюкозу

Сяргей Каваленка

Пасьля сустрэчы са зьняволеным у СІЗА віцебскім актывістам адвакат распавёў, што той вельмі схуднеў пасьля 22-дзённай галадоўкі.
Пра вынікі сустрэчы адваката з падабаронным апавяла жонка Сяргея Каваленкі:

«Адвакат сказаў, што Сяргей дужа схуднеў, але галадоўку спыняць не зьбіраецца. Яшчэ сказаў, што Сяргея ізалявалі: ужо пяты дзень яго ўтрымліваюць у адзіночнай камэры. Мабыць, лічаць яго галадоўку пратэсту дрэнным прыкладам для іншых зьняволеных».

Алене Каваленка сустрэчу з мужам не дазволілі, хаця яна зьвярталася з такой просьбай. Цяпер яна чакае адказу на сваю скаргу ў абласную пракуратуру: спадарыня Алена пісала, што лічыць арышт мужа незаконным і патрабуе адпусьціць яго на волю, прынамсі да суду па крымінальнай справе, якую распачалі супраць актывіста. Замест адказу яна атрымала толькі паведамленьне, што скаргу перанакіравалі ў пракуратуру Першамайскага раёну.

Маці зьняволенага сябра КХП БНФ Лідзія Каваленка зьбіраецца на прыём да работнікаў Віцебскай абласной пракуратуры, каб таксама хадайнічаць пра вызваленьне Сяргея. Яна непакоіцца, што працяглая галадоўка пратэсту супраць затрыманьня і арышту ў СІЗА нанясе вялікую шкоду здароўю сына.

Сяргея Каваленку зьмясьцілі ў СІЗА тры тыдні таму на час сьледзтва па распачатай супраць яго крымінальнай справе. Яго вінавацяць паводле артыкулу 415 «Ухіленьне ад адбываньня пакараньня» за парушэньні рэжыму падчас «хатняй хіміі», прысуджанай актывісту ў 2010 годзе за тое, што 7-га студзеня ён вывесіў на гарадзкой навагодняй ёлцы бел-чырвона-белы сьцяг. Паводле гэтага артыкулу актывісту пагражае да трох гадоў турэмнага зьняволеньня