«Рэжыму ўжо мала пасадзіць людзей у турму, іх хочуць зьнішчыць»

Чым выклікана тое, што Мікалаю Статкевічу прысудзілі тры гады «крытай турмы»? Чаму ўлады не сьпяшаюцца вызваляць палітвязьняў?
Тое, што рэжым Мікалаю Статкевічу зьменены на больш жорсткі, азначае, што з шасьці гадоў пазбаўленьня волі тры гады палітвязень правядзе ва ўмовах турмы. Паводле сябра праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянціна Стэфановіча, гэта зроблена фармальна нібыта за невыкананьне ўмоваў рэжыму адбыцьця пакараньня ў калёніі.

«Калі глядзець сукупна на тое, што зараз адбываецца з палітвязьнямі, мы расцэньваем гэта выключна як ціск уладаў на вязьняў дзеля іх як мага большай ізаляцыі і пагаршэньня ўмоваў адбыцьця пакараньня. Мы вельмі занепакоеныя тым, што ўлады могуць ужыць 411-ы крымінальны артыкул супраць палітвязьняў. Калі людзей яшчэ прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за тое, што яны нібыта сыстэматычна не выконваюць патрабаваньні адміністрацыі, за нязначныя парушэньні рэжыму. І гэта ўжо дадае магчымасьці дадаткова асудзіць людзей. Такое ў Беларусі даволі шырока практыкуецца».

Паводле Стэфановіча, цяперашні вырак Статкевічу трэба разглядаць у комплексе. Ён згадвае палітвязьня Мікалая Аўтуховіча, якога таксама чакае суд па зьмене рэжыму на больш жорсткі, на ўтрыманьне ў турме.
Бандарэнка перадаў, што калі ціск будзе працягвацца, то ён скончыць жыцьцё самагубствам.

«Ціск на яго рэзка ўзмацніўся. Тое, што адбываецца з Саньнікавым, Дашкевічам, Бандарэнкам, паказвае, што рэжыму ўжо мала пасадзіць людзей у турму. Рэжыму іх трэба зьнішчыць. Не фізычна, але маральна, бо гэта вельмі моцны ціск. Гэтак, Бандарэнка перадаў, што калі ціск будзе працягвацца, то ён скончыць жыцьцё самагубствам. Гэта сьведчыць, што гэта вельмі сур’ёзна. На жаль, магчымасьці неяк дапамагчы вязьням вельмі абмежаваныя. Улады, напрыклад, нахабна не дапускаюць адвакатаў да Саньнікава. Гэта проста карт-блянш на ўседазволенасьць».

Паводле лідэра партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна, прысуд Статкевічу — гэта помста ўладаў за тое, што ён казаў на прэзыдэнцкіх выбарах, за тое, што мужна сябе паводзіў у зьняволеньні, за тое, што ўлада не змагла зламаць Статкевіча.

«Магчыма, гэта проста спроба падняць стаўкі, каб потым неяк зьніжаць ціск на палітвязьняў і тым самым старгавацца з Захадам. Але гэта недальнабачная палітыка. З гэтага нічога ня будзе, бо ў Захаду існуе цьвёрдая пазыцыя, што без вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітвязьняў ён ня будзе абмяркоўваць з нашым кіраўніцтвам ніякіх іншых пытаньняў. Магчыма, нашы кіраўнікі лічаць інакш, што калі яны будуць падвышаць такі ціск, то гэта можа паўплываць на зьмену стаўленьня ЭЗ да сытуацыі ў Беларусі і можна будзе неяк гандляваць гэтым. Але гэта беспэрспэктыўна і сэнсу ня мае».

Паводле лідэра кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімера Някляева, новы вырак Статкевічу выкліканы тым, што кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка не разумее ні сёньняшняга стану рэчаў у Беларусі, ні пэрспэктываў разьвіцьця.
Лукашэнка намагаецца найперш даказаць сваім сілавым структурам, што яны хлопцы з гэтымі самымі крутымі яйцамі.

«Замест таго, каб вызваліць усіх палітвязьняў, зьняць гэта найвастрэйшае палітычнае пытаньне, пачаць дамаўляцца з Эўропай, з ЗША, рухацца туды, куды рухаецца цывілізаваны сьвет, доўжацца рэпрэсіі, — Лукашэнка намагаецца найперш даказаць сваім сілавым структурам, што яны хлопцы з гэтымі самымі крутымі яйцамі. Што яны маюць нейкую сваю праўду, адрозную ад усіх, сваю чалавечнасьць, гуманізм, адрозныя ад усіх. І наогул сваё бачаньне сьвету і Бога над ім. Вось шклоўскае бачаньне шклоўскай калёніі і начальніка гэтай калёніі. Да дабра гэта не давядзе. Гэта шлях у нябыт, у прорву. Але нельга цягнуць у прорву і ў нябыт усю краіну, увесь народ».

Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, лёс Статкевіча і ўсіх палітвязьняў варта разглядаць у геапалітычным кантэксьце, бо закон у Беларусі дзейнічае вельмі выбарачна, а ў адносінах да палітычных прысудаў — і зусім аднабока. Таксама ён адзначыў, што Статкевіч быў адным з самых вострых апанэнтаў Лукашэнкі.

«Палітвязьні — гэта тавар, закладнікі. А паколькі цяпер каньюнктура ў гэтым сэнсе на заходнім кірунку для афіцыйнага Менску нулявая, то навошта проста так рабіць шырокія жэсты, дэманстраваць велікадушнасьць і нейкі гуманізм, які ўлады лічаць да таго ж гнілым, калі няма попыту і няма дыялёгу з ЭЗ? Расейскія пернікі аслабілі неабходнасьць наладжваць стасункі на заходнім кірунку. Беларускае начальства вырашыла, што дарэмна выпускаць гэтых людзей, яно вырашыла прытрымаць іх да лепшых, у яго разуменьні, часоў, калі зноў узьнікне сытуацыя палітычнага торгу з Захадам».