Мікалай Аўтуховіч: «Быў, ёсьць і застаюся чалавекам»

Мікалай Аўтуховіч

Напярэдадні суду ў Івацэвіцкай калёніі № 5 над Мікалаем Аўтуховічам на «Свабоду» трапіла пасланьне ад палітвязьня.
Ён піша, што гатовы да таго, што чакае яго пасьля суду ў аўторак 17 студзеня. Выказвае падзяку ўсім знаёмым і незнаёмым людзям, якія маральна падтрымлівалі яго.

Палітвязень просіць не перажываць за яго:

«Хай мы яшчэ ня выйгралі. Але не прайгралі. Вялікі крок наперад усё ж зроблены. Інфармацыя адносна парушэньня правоў чалавека становіцца галоснай»

У сваім пасланьні Мікалай Аўтуховіч зьвяртаецца ня толькі да сваіх прыхільнікаў, але і прадстаўнікоў улады, таго, хто лічыцца «гарантам Канстытуцыі Беларусі»

Ён адзначае:

«Я пратэстую, бо ўспрымаю жыцьцё такім, якое яно ёсьць насамрэч, а не такім, якім яго хочуць паказаць тыя, хто трымае ўладу. Хай ведаюць, што ня кожны прагінаецца ў выніку „бязьмежжа“ і ня з кожнага можна зрабіць жывёліну.

Я не гандлюю сумленьнем, быў, ёсьць і застаюся чалавекам, міма зла не праходжу і маўчаць ня буду.

Падмяняючы паняцьці, улада ўсталявала ў калёніі свае парадкі. Нязгодных зь імі тут не трымаюць, іх адпраўляюць у іншыя месцы. Нязгодных не чуваць і не відаць.

Неабмежаваныя магчымасьці гэтак званага выхаваўчага працэсу прымушаюць здацца ды капітуляваць нават любога моцнага мужыка ...

Неабмежаваныя магчымасьці гэтак званага выхаваўчага працэсу прымушаюць здацца ды капітуляваць нават любога моцнага мужыка. Часам здаецца, што калі адміністрацыя скажа асуджаным, што з заўтрашняга дня ва ўстанове будуць карміць праз дзень, а з вясны праз два дні, то мала хто будзе абурацца. Рамонты ў бараках заўсёды робяцца за кошт асуджаных. Сваякі вязуць матэрыялы або проста шлюць грошы. Хто адмовіцца, таго адразу пераводзяць у атрад, дзе практычна няма бытавых умоў.

Хачу запытацца ў гаранта Канстытуцыі — прэзыдэнта, ці выдаткоўваліся за час яго кіраваньня сродкі для капітальных рамонтаў у калёніях. Калі не, то чаму. Таксама хачу спытаць, чаму асуджаных кормяць як палонных ворагаў — што кінулі, то тыя і ядуць. Чаму не прытрымліваюцца нормаў, усталяваных заканадаўствам? Хто крадзе сродкі?

Чаму ўжывальныя выхаваўчыя мэтады ў дачыненьні да нязгодных не адрозьніваюцца ад гестапаўскіх? У асуджаных няма аніякіх правоў. Скаргі з калёніі не выходзяць, адміністрацыя проста не прапускае іх, і яны ўвогуле зьнікаюць. Пракуратура і суд абараняюць інтарэсы адміністрацыі. Дамагчыся справядлівасьці тут немагчыма. Кругавая парука, як і ва ўсёй краіне. Ніколі не пакараюць свайго без адмысловых указаньняў на тое. Народ заўсёды застаецца ў дурнях.

Спадар Лукашэнка, дзе Закон?», — піша ў сваім пасланьні Мікалай Аўтуховіч"