Эрнсту Сабілу — 80 гадоў

Эрнст Сабіла

Пастар-эвангеліст і колішні палітвязень 18 сакавіка адзначае сваё 80-годдзе.
Эрнст Сабіла нарадзіўся ў вёсцы Дзегцяроўка Менскага раёну. Навучаўся ў Менскім мэдычным інстытуце.

У 1951 годзе, будучы студэнтам, быў арыштаваны па артыкуле 72-Б Крымінальнага кодэксу БССР («актыўная агітацыя з ужываньнем нацыянальных і рэлігійных забабонаў»). Быў прысуджаны да расстрэлу, але расстрэльны прысуд быў заменены на 25 гадоў канцлягераў.

У 1964, праз 13 гадоў зьняволеньня, ён быў вызвалены і вярнуўся да актыўнай рэлігійнай дзейнасьці. З часу вызваленьня Эрнст Сабіла знаходзіўся пад наглядам КДБ. У 1970-х гадах здолеў скончыць вячэрняе аддзяленьне Менскага iнстытуту замежных моваў.

З 1988 году Эрнст Сабіла — прасьвiтар Эвангельскай царквы. У 1989 годзе на першым зьезьдзе БНФ пастар Эрнст Сабіла зачытваў Біблію, асьвячаючы палітычнае мерапрыемства.