Зімоўскі прапанануе пазбаўляць «бясспрэчнага шчасьця» — беларускага грамадзянства

Былы кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі ў артыкуле на сайце «Белорусские новости» прапанаваў вярнуцца да савецкай практыкі — пазбаўляць грамадзянства. ДАДАЮЦЦА КАМЭНТАРЫ
Зімоўскі прапанануе пазбаўляць"бясспрэчнага шчасьця" — беларускага грамадзянства«Пакуль жа мітусьлівыя целарухі выглядаюць сьмешна, калі не парадаксальна. Бо выходзіць, што бязвыезнае пражываньне ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца цяжкім пакараньнем. Прычым менавіта ў гэтай справе ў апазыцыі і ўлады поўны кансэнсус. Юрыдычнае афармленьне права дзяржавы пазбаўляць людзей такога бясспрэчнага шчасьця, як беларускае грамадзянства, дазволіць астудзіць гарачыя галовы «пятай калёны», — піша Зімоўскі.

Алег Гулак: «Тады давядзецца аднавіць усе законы СССР і разарваць міжнародныя дамовы»

Алег Гулак

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, якому беларускія ўлады забараняюць выезд за мяжу, гэтак пракамэнтаваў прапановы аб пазбаўленьні апазыцыянэраў беларускага грамадзянства.

«Паводле закону пазбавіць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь грамадзянства магчыма толькі ў адным выпадку — калі гэты грамадзянін служыць у сілавых структурах іншых дзяржаў. Усё. Больш ні за што. А што да прапаноў спадара Зімоўскага, заўважу, што ён апошнім часам піша больш у выглядзе „сьцёбу“. І калі перайсьці на гэты стыль, тады я яго падтрымліваю. Калі ўжо пачалі такую практыку з забаронай выезду за мяжу, то лягічна проста абвясьціць, што — так, мы вяртаемся ў часы Савецкага Саюзу і ўсё робім, як там. Але калі ўжо далей ісьці ў такім жа рэчышчы, тады трэба будзе выходзіць зь міжнародных пагадненьняў, якія заключыла Рэспубліка Беларусь. Праўда, наўрад ці гэта спадабаецца нават нашым расейскім партнэрам».
Павал Шарамет: «Такія дзеяньні найперш б’юць па рэжыме»

Павал Шарамет

«Свабода» зьвярнулася па камэнтар да журналіста Паўла Шарамета, якога ў 2010 годзе пазбавілі грамадзянства Беларусі, як ён мяркуе, менавіта з-за ягонай грамадзянскай пазыцыі.

«Зімоўскі для мяне — нерукапаціскальны чалавек. Я катэгарычна не прымаю таго, што ён на нармальных сайтах можа весьці свае блогі і распаўсюджваць свае ідэі. Абмяркоўваць ягоныя прапановы я лічу ніжэйшым за маю годнасьць. Што да розных ідэяў, якія бродзяць у галовах тых, хто зараз кіруе Беларусьсю — пазбаўляць грамадзянства, не выпускаць з краіны, кідаць у турмы, — то збольшага ўжо ўсім зразумела, што беларускі рэжым неадэкватны. Любыя рэпрэсіўныя захады, якія прымаюць зараз беларускія ўлады, найперш б’юць па рэжыме», — кажа Павал Шарамет.

«Мяне пазбавілі беларускага грамадзянства, я быў першым беларусам, якога пазбавілі грамадзянства з палітычных меркаваньняў. Але майго запалу гэта не астудзіла, наадварот, зрабіла мяне яшчэ больш жорсткім праціўнікам рэжыму. Вядома, тым, хто цяпер у Беларусі, улічваючы тое, што там адбываецца, вельмі цяжка. Але кожнае дзеяньне ўлады набліжае непазьбежны канец».



Аляксандар Зімоўскі — былы кіраўнік Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, былы генэральны дырэктар СТВ, былы чалец Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу.

У красавіку 2006 году за ўдзел у фальшаваньні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі Аляксандру Зімоўскаму быў забаронены ўезд у ЗША і краіны Эўразьвязу.

Цяпер — мэдыякансультант, працуе ў Расеі.