Расея ня будзе чакаць Менск і Астану, уступаючы ў СГА

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў зьбіраецца абмеркаваць з кіраўнікамі ўрадаў Беларусі і Казахстану напрамкі эканамічнага супрацоўніцтва пасьля далучэньня Расейскай Фэдэрацыі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO).
Пра гэта ён заявіў на нарадзе з прадстаўнікамі экспэртнай супольнасьці ў справе разьвіцьця эканомікі Расеі ва ўмовах сяброўства ў WTO. Мядзьведзеў удакладніў, што на наступным тыдні ў яго заплянаваныя перамовы ў Санкт-Пецярбургу зь Міхаілам Мясьніковічам і Карымам Масімавым, дзе расейскае кіраўніцтва мае данесьці да мытных саюзьнікаў сваю пазыцыю што да магчымых наступстваў для эканомік Беларусі і Расеі.

Такім чынам, як падкрэсьліваюць экспэрты, кіраўніцтва Расеі дае зразумець, што шырока разрэклямаваная ідэя ўступленьня ў WTO Мытным саюзам ня спраўдзілася, і цяпер Беларусі і Казахстану застаецца толькі падлічваць магчымыя страты ад рознасьці ўмоў гаспадараньня. Гаворыць аналітык афіцыйнага партнэра «Альпары» ў Менску Вадзім Іосуб:

«Што цікава, ня так даўно Ўладзімер Пуцін абсалютна зразумела выказаўся з гэтай нагоды. Бо, па сутнасьці, у расейцаў тыя ж праблемы, што і ў беларусаў — найперш, нерэфармаваная эканоміка. Калі яму дэпутаты Дзяржаўнай думы задалі пытаньне — маўляў, а ці можна яшчэ адтэрмінаваць уступленьне Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, бо асобным расейскім прадпрыемствам гэта ня выгадна — Пуцін адназначна заявіў, што адтэрмінаваць уваходжаньне ўжо немагчыма. Па яго словах, можна гэты працэс альбо ў прынцыпе адмяніць, паставіўшы крыж на ўсіх папярэдніх 17-гадовых перамовах Расеі зь сябрамі арганізацыі, альбо канчаткова запускаць мэханізм».

Першыя нязручнасьці беларусы і казахстанцы могуць адчуць ужо гэтым летам. У адпаведнасьці з патрабаваньнямі WTO Расея мусіць зьнізіць імпартнае мыта на аўтамабілі зь цяперашніх 30% да 25%, а цягам наступных гадоў — да 15%. Але па сутнасьці нічога ня зьменіцца: у якасьці кампэнсацыі стратаў расейскі бок уводзіць так званы ўтылізацыйны збор, які пакідае памер дадатковых выплат практычна на тым жа ўзроўні.