ЗША правядуць антыдэмпінгавае расьсьледаваньне

БМЗ, ілюстрацыйнае фота

На Беларускім мэталюргічным заводзе мяркуюць, што Беларусь неабгрунтавана ўключаная ў пералік краін, адносна якіх Міністэрства гандлю ЗША плянуе пачаць антыдэмпінгавае расьсьледаваньне па пастаўках арматурнай сталі.
«БМЗ не пастаўляе ў ЗША арматурную сталь больш за 11 гадоў, і нам незразумела, паводле якіх крытэраў краіна, якая мае адзінага вытворцу — БМЗ — падпадае пад антыдэмпінгавае расьсьледаваньне, якое Мінгандаль ЗША плянуе пачаць з 1 ліпеня», — паведамілі Інтэрфаксу на прадпрыемстве.

У 2000 годзе Мінгандаль ЗША праводзіў аналягічнае антыдэмпінгавае расьсьледаваньне, і Беларусь тады прызналі вінаватай у парушэньні антыдэмпінгавага заканадаўства. Пасьля гэтага БМЗ спыніў пастаўкі арматурнай сталі ў ЗША і пераарыентаваўся на іншыя рынкі. Цяпер завод пастаўляе гэтую прадукцыю ў асноўным на рынкі краін Блізкага Ўсходу і Афрыкі.

«Магчыма, мэта новага расьсьледаваньня — імкненьне пераканацца ў добрасумленнасьці беларускага вытворцы арматурнай сталі», — дадаў прадстаўнік БМЗ.

У профільным ведамстве патлумачылі, што «гаворка, хутчэй за ўсё, ідзе пра рээкспарт у ЗША арматурнай сталі прыватнымі беларускімі мэталатрэйдэрамі».

БМЗ не пастаўляе ў ЗША арматуру, але, хутчэй за ўсё, такія пастаўкі ажыцьцяўляюць прыватныя трэйдэрскія кампаніі

«Антыдэмпінгавае расьсьледаваньне заўсёды праводзіцца ў цэлым па краіне, а не па асобных вытворцах. БМЗ не пастаўляе ў ЗША арматуру, але, хутчэй за ўсё, такія пастаўкі ажыцьцяўляюць прыватныя трэйдэрскія кампаніі, якія ўвозяць у Беларусь мэталапрадукцыю з Украіны ці Расеі, дзе яна таньнейшая», — растлумачыў экспэрт. Ён удакладніў, што Міністэрства гандлю ЗША ўлічвае пры ўваходжаньні тавару на рынак не канкрэтнага вытворцу той ці іншай прадукцыі, а дзяржаву, адкуль былі зробленыя пастаўкі.

У сваю чаргу, на БМЗ паведамілі, што цяпер у Міністэрстве прамысловасьці Беларусі і на прадпрыемстве абмяркоўваюць, якая можа быць велічыня загараджальнага мыта ў выпадку, алі беларускіх вытворцаў або экспартэраў прызнаюць вінаватымі ў парушэньні антыдэмпінгавага заканадаўства ЗША.

Міністэрства гандлю ЗША 1 ліпеня плянуе пачаць антыдэмпінгавае расьсьледаваньне адносна імпарту ў краіну арматурнай сталі, якая паходзіць зь Беларусі, Кітаю, Інданэзіі, Польшчы, Латвіі, Малдовы і Ўкраіны.

Паводле парталу «Steel Orbis», гэтыя краіны падазраюцца ў пастаўках арматурнай сталі па заніжаных коштах. Паралельна зь Міністэрствам гандлю ЗША ўласнае расьсьледаваньне будзе праводзіць Камісія па міжнародным гандлі.