Стэфановіч: «Правы чалавека ў Беларусі будуць у фокусе ААН»

Валянцін Стэфановіч

Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч называе рашэньне Рады па правах чалавека ААН, якая прагаласавала за спэцдакладчыка па Беларусі, станоўчым:

«Мы таксама прыкладалі шмат намаганьняў для гэтага. Мы шчыльна працавалі зь некаторымі дэлегацыямі краінаў, што ўваходзяць у гэтую Раду ААН. І ня толькі мы, але і шэраг міжнародных праваабарончых арганізацыяў, кшталту „Міжнароднай амністыі“.

Мы ўсьцешаныя тым, што і рэзалюцыя па Беларусі прынятая, і што прагаласавана за ўсталяваньне такой інстытуцыі, як пасада спэцдакладчыка па Беларусі. У любым разе, нават калі ўлады Беларусі адмовяцца ад супрацоўніцтва, — а найхутчэй спэцдакладчык ня будзе дапушчаны на тэрыторыю Беларусі, — тым ня менш гэта дазволіць трымаць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі ў фокусе Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Асабліва ў аспэкце фактычнага адмаўленьня ад супрацоўніцтва з кантрольнымі мэханізмамі ААН у галіне абароны правоў чалавека».