АБСЭ заклікала ўлады Беларусі вызваліць палітвязьняў

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ заклікала ўлады Беларусі неадкладна і без папярэдніх умоваў вызваліць і апраўдаць усіх палітычных зьняволеных.
Адпаведная рэзалюцыя прынятая 7 ліпеня падчас паседжаньня чарговай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Манака. Працаваць асамблея будзе да 9 ліпеня.

Як падае БелаПАН, у дакумэнце пералічваюцца палітзьняволеныя Ігар Аліневіч, Мікалай Статкевіч, Павал Севярынец, Алесь Бяляцкі, Сяргей Каваленка, Дзьмітрый Дашкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Аляксандар Францкевіч, Павал Сырамятаў, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч, а таксама ўтрымліваецца патрабаваньне да беларускіх уладаў гарантаваць поўнае аднаўленьне іх у грамадзянскіх і палітычных правох.

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ настойліва заклікае ўлады Беларусі адмяніць хатні арышт, накладзены на выпушчаных з турмаў палітычных зьняволеных, у ліку якіх журналістка Ірына Халіп, лідэр кампаніі «Гавары праўду!» Ўладзімір Някляеў ды іншыя.

Акрамя таго, афіцыйны Менск заклікаюць паважаць свабоду перамяшчэньня сваіх грамадзянаў, уключна з палітычнымі актывістамі, у Беларусі і за мяжой, а таксама пакласьці канец уціску і перасьледу грамадзянскай супольнасьці, прафсаюзаў, незалежных СМІ і праваабаронцаў.

Беларускім уладам прапануецца вярнуцца да разгляду заявак аб рэгістрацыі партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і няўрадавай праваабарончай арганізацыі «Вясна», якім было неаднаразова адмоўлена ў рэгістрацыі «без належных падстаў». Гэтаксама асамблея заклікае Менск выканаць рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы адносна прафсаюзаў.

Парлямэнцкая асамблея выказвае надзею на выкананне Беларусьсю сваіх абавязацельстваў у рамках АБСЭ — перадусім адносна парлямэнцкіх выбараў — і своечасовага накіраваньне запрашэньня міжнародным назіральнікам для бесперашкоднага адсочваньня выбарчага працэсу.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік адмяніць прысуды і вылучаныя абвінавачаньні супраць журналістаў у сувязі зь іх прафэсійнай дзейнасьцю і дазволіць неабмежаванае грамадзкае абмеркаванне ключавых праблемаў.

Асамблея рэкамэндуе Міжнароднай федэрацыі хакею з шайбай прыпыніць выкананне свайго пляна правядзеньня чэмпіянату сьвету ў 2014 годзе ў Менску да вызваленьня ўсіх палітзьняволеных.

Акрамя таго, ПА АБСЭ заклікае правесьці міжнароднае расьсьледаванне ў справе абыходжаньня з палітзьняволенымі ў турмах Беларусі на падставе сцвярджэньня аб катаваннях былога зняволенага Алеся Міхалевіча.

АБСЭ асуджае пакараньне Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава, абвінавачаных у арганізацыі тэракта ў менскім мэтро і асуджаных «у выніку суду, які не адпавядаў міжнародна-прававым нормам законнасьці».

Гэта далёка ня першы заклік міжнародных структураў да беларускіх уладаў з патрабаваньнем вызваліць усіх палітзьняволеных, якія застаюцца ў беларускіх турмах. Але практычна на ўсе звароты афіцыйны Менск адказвае аднолькава — маўляў, гэта ўнутраная справа беларускай дзяржавы, а спробы зьнешняга ўціску ні да чаго не прывядуць.