Джон Лорд. A Perfect Stranger In Rock

Канцэрт Deep Purple 2000 году

Памёр Джон Лорд — выбітны брытанскі музыка і кампазытар, шматгадовы клявішнік легендарных хард-рокераў «Дып Пёрпл». Лорд (поўнае імя Jonathan Douglas нарадзіўся ў 1941 годзе ў Англіі), марыў быць акторам.
Няма такога аматара хард року, які ня ведаў бы арганнага пачатку кампазыцыі «Child in time» з выдадзенага 42 гады таму альбому «Deep Purple In rock». Так, перадусім гэтая песьня вядомая вандроўкай па высокіх рэестрах вакаліста Яна Гілана, але лордаўскі арган маркі «Хаманд» (адмыслова для яго перароблены пры ўдзеле адмыслоўцаў з фірмы ды самога музыкі) ... без яго гэтай кампазыцыі папросту не было б.

Альбом стаў клясыкай хард року, але яшчэ за год да ягонага выхаду Джон Лорд спрабаваў накіраваць свой гурт зусім у іншы бок — дастаткова паслухаць мала зразумелы тады для аматараў цяжкай музыкі альбом «Concerto for Group and Orchestra» (1969).

Пасьля таго, як клясыку ў выкананьні рок-гурта слухачы ды сябры па гурце ўспрынялі ня надта каб аптымістычна, Лорд сьціпла прызнаў, што рацыю меў ягоны калега па «Пёрпл» Рычы Блэкмар, які насуперак клявішніку настойваў каб кіравацца ў бок больш цяжкіх гукаў. Аднак хто ж не пачуе клясычных матываў у сола Лорда практычна ў кожным альбоме Дып Пёрпл з удзелам Джона Лорда. Чаго вартыя толькі «Burn», «Perfect Strangers», «The House of Blue Light». Дарэчы з апошняй кружэлкай, якую шмат хто з аматараў творчасьці гурту недаацэньвае, зьвязаная цікавая гісторыя. Гэты дыск быў першым альбомам Пёрпл, які выйшаў у СССР і памятаю, якое гэта было пачуцьцё — трымаць новенькую вінілавую кружэлку з запісам «варожай» музыкі, што афіцыйна зроблены ў «саўку». Але не гэта галоўнае. Паслухайце ўважліва, колькі там партыяў клявішных інструмэнтаў! Няма іншага такога альбому. Кажуць, што ў часе працы над «The House of Blue Light», які меўся паўтарыць ашаламляльны посьпех папярэдняй кружэлкі «Perfect Strangers», у гурт вярнуўся стары канфлікт Гілан—Блэкмар, з-за чаго вядомы сваім цяжкім характарам Рычы Блэкмар адмовіўся дапісваць свае партыі і іх (партыі знакамітага блэкмараўскага «стратакастэра») запісаў Джон Лорд, але... на сваім аргане!

http://www.youtube.com/embed/OorZcOzNcgE

Лорд ніколі не змагаўся за лідэрства ў гурце, а калі пасьля распаду «Пёрпл» (1976) яго запрасіў далучыцца да яшчэ нікому невядомага тады гурту Whitesnake малады тады яшчэ былы калега па Deep Purple Дэвід Кавэрдэйл, Лорд пагадзіўся, заявіўшы пры гэтым, што ў гэтым гурце «гатовы быць проста фонам».

Фонам Джон Лорд, натуральна, ніколі не быў. Ён часта вёў канцэрты «Пёрпл» і акрамя сваіх геніяльных сола з бясконцым выкарыстоўваньнем фрагмэнтаў улюбёнага Баха ды тузіна іншых кампазытараў, размаўляў з публікай, анансаваў чарговыя кампазыцыі. Дый цяжка было не зьвярнуць увагу на саліднага спадара з правага боку сцэны, з даўгімі прамымі валасамі і, амаль заўсёды, у цёмных акулярах. Можа мне так толькі падаецца, але ён неяк не пасаваў сваім выглядам, спосабам трымацца, да ўласнай «тусоўкі».

Дарэчы, калі ў 80-я ў Беларусь прыйшла мода на сонечныя «акуляры-кропелькі», з найчасьцей прыклееным да іх сэрцайкам у колерах італьянскага сьцягу, шмат хто казаў, што ўяго акуляры меанавіта «як у Лорда».

Цікавы момант здарыўся напрыканцы 1993 года калт «Пёрпл» выправіўся ў сусьветнае турнэ ў падтрымку свайго апошняга альбому «The Battle Rages On...». Творчы канфлікт паміж гітарыстам Рычы Блэкмарам і вакалістам Янам Гіланам дасягнуў тады апагею. У часе канцэрту ў Штутгарце, які запісваўся на відэа, Блэкмар на пачатку не выходзіў на сцэну ( а гурт ужо выканаў палову першай кампазыцыі), а потым дэманстратыўна ўзяў кубак з вадой ды на вачах у тысячаў фанатаў выліў у накірунку вакаліста, запэцкаўшы камэру (гэта добра відаць на канцэртным запісе«.

«Я быў абураны і мне шмат каштавала, каб не перастаць граць і проста пайсьці са сцэны. Але я падумаў — гледачы не ў чым не вінаватыя, трэба працягваць...», — сказаў потым Лорд. Сумневаў няма — ён змог бы «выцягнуць» ня толькі свае, але і блэкмараўскія партыі.

З Дып Пёрпл Джон Лорд разьвітаўся ў 2002 годзе, каб заняцца сольнымі праектамі.

Адметна, што цяперашні «пёрплаўскі» клявішнік Дон Эйры ўзяў цягам сваёй кар’еры ўдзел у больш чым 200 праектах — ад Гары Мура да Озі Осбарна, зусім іначай, чымсьці Лорд, які, што праўда граў з Кавэрдэйлам, Паўэлам, Гілмарам, Харысанам, Бонэтам, Назарэт (госьць на альбоме «Rampant», 1974), але гэта хутчэй фрагмэнты, чымсьці сталая праца для заробку.

Яшчэ зусім нядаўна, у часе свайго турнэ Джон Лорд на кожным канцэрце прысьвячаў кампазыцыю свайму памерламу сябру, вялікаму голасу року Роні Джэймсу Дыя, гаворачы пры гэтым, што ён быў ня толькі вялікім творцам, але й надзвычай «прыстойным, сьціплым ды прыемным чалавекам».

Упэўнены, так скажуць і пра Джона Лорда — вялікага «пана Хаманда».

http://www.youtube.com/embed/pXHi84bSJyw

P.S. Варта паслухаць з удзелам Джона Лорда:
Deep Purple «In Rock» (1970)
Deep Purple «Machine Head» (1972)
Deep Purple «Burn» (1974)
Deep Purple «Perfect Strangers» (1984)
Deep Purple «The House of Blue Light» (1987)
Whitesnake «Live at Hammersmith» (1980)
Jon Lord ‘Pictured Within" (1998)