Кромвэл: Эрыксан нічога ня ведаў пра нашу акцыю

Пэр Кромвэл

Пэр Кромвэл, заснавальнік рэклямнага агенцтва «Тотал», якое арганізавала акцыю ў падтрымку дэмакратыі і свабоды слова ў Беларусі — гэтак званы «плюшавы дэсант», у інтэрвію «Свабодзе» пракамэнтаваў высылку амбасадара Швэцыі зь Беларусі.
Кромвэл: «Наколькі я разумею, беларускія ўлады высунулі вэрсію, што амбасадар Швэцыі быў зьвязаны зь беларускай апазыцыяй. Але гэта выглядае вельмі дзіўным супадзеньнем, чаму ён высланы менавіта зараз. Я думаю, гэта чарговы знак таго, што Лукашэнка панікуе і робіць ірацыянальныя рэчы. Я думаю, што ён не разумее, як даць рады гэтай сытуацыі. І таму ён пачаў дзейнічаць неразумна. Апошнімі звальненьнямі ён настройвае войска супраць сябе, звальняючы генэралаў. Таму ў яго відавочныя праблемы цяпер».

Цыганкоў: «Вы можаце пацьвердзіць, што амбасадар Эрыксан нічога ня ведаў пра вашу акцыю зь мядзьведзікамі?»

Кромвэль: «Так, абсалютна. Ад самога пачатку пра нашу акцыю мы не кантактавалі ні з кім, акрамя супрацоўнікаў нашага агенцтва. Ніхто ня ведаў, што мы плянуем рабіць. Мы ні ў якім разе не зьбіраліся паведамляць пра свае намеры нікому з афіцыйных асобаў Швэцыі. Я нават да ўсёй гэтай гісторыі ня ведаў імя швэдзкага амбасадара ў Беларусі».