Хашчавацкі: «Палітвязьні — аргумэнт на карысьць байкоту выбараў»

Юры Хашчавацкі

Паводле праваабаронцаў, у беларускіх турмах утрымліваюць больш за 10 вязьняў, пакараных па палітычных прычынах. Якое месца тэма палізьняволеных зоймае ў цяперашняй выбарчай кампаніі?
Вядомы рэжысэр-кінадакумэнталіст Юры Хашчавацкі зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты. Вылучала яго Аб’яднаная грамадзянская партыя, сябрам якой ён стаў на час выбараў. Юры Хашчавацкі згодны з пазыцыяй партыі пра тое, што выбарчую кампанію трэба выкарыстаць у мэтах прапаганды ідэй аб зьмене палітычнага рэжыму, але ў саміх выбарах удзельнічаць ня варта. Юры Хашчавацкі лічыць, што наяўнасьць у Беларусі палітвязьняў і ёсьць адным з асноўных аргумэнтаў на карысьць байкоту.

«Байкот мусіць быць аргумэнтаваны. Нельга выйсьці да людзей і проста заклікаць іх байкатаваць. Гэта глупства. Аргумэнты мусяць быць. І адным з аргумэнтаў ёсьць стан законнасьці ў краіне. А ён вельмі дрэнны, паказчыкам чаго ёсьць наяўнасьць палітвязьняў. Пра гэта абавязкова будзе казацца падчас выбарчай кампаніі».

Анатоль Лябедзька

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які зьбіраецца ўдзельнічаць у кампаніі як зарэгістраваны кандыдат, паведаміў, што праблема палітвязьняў будзе адлюстравана ў выступах, нягледзячы на некаторыя тэхнічныя складанасьці.

«Безумоўна, будзе гучаць, што ў Беларусі ёсьць палітвязьні. Што датычыць прозьвішчаў, то магчыма, што не ўсе будуць пералічаныя. Бо ўсяго ёсьць 5 хвілін, калі мы кажам пра тэлевізію ці радыё, а хочацца ўсё туды зьмясьціць. У гэтым сэнсе ёсьць складанасьці».

Рыгор Кастусёў

Былы кандыдат на прэзыдэнта Рыгор Кастусёў, вылучаны партыяй БНФ, зьвяртае ўвагу на тое, як трэба даносіць да выбарцаў тэму палітвязьняў. Паводле Рыгора Кастусёва, простых выбарцаў, якія атрымліваюць інфармацыю з дзяржаўных газэт і тэлебачаньня, яшчэ давядзецца пераканаць, што той ці іншы вязень сядзіць ў турме з-за палітыкі, а не за сапраўднае злачынства. «Найперш буду распавядаць пра тых, каго асабіста ведаю», — кажа Рыгор Кастусёў.

«Напрыклад, пра Севярынца. Бо я быў побач зь Севярынцам, бачыў, што ён рабіў, чуў, што ён казаў. Трэба гэтак данесьці тое, што я бачыў, каб і людзі зразумелі, а ня проста выслухалі інфармацыю, што ў нас ёсьць палітзьняволеныя».

Уладзімер Кацора

Грамадзкі актывіст з Гомеля Ўладзімер Кацора быў зарэгістраваны як кандыдат, але сам зьняўся з выбараў. Прычыны, як кажа Ўладзімер, якраз зьвязаны з праблемай палітвязьняў.

«У красавіку мы ў Гомелі выпускалі і распаўсюджвалі каля 80 тысяч улётак. Таксама распаўсюджвалі ўлёткі ў Жлобіне, Сьветлагорску, Мазыры, Рэчыцы. Пра тое, што дэмакратычныя сілы Гомельшчыны будуць разглядаць свой удзел ў гэтак званых выбарах паводле двух чыньнікаў: ці застануцца ў турмах палітвязьні і ці ўключаць нашых прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Сёньня ўжо відавочна, што гэтыя ўмовы ня выкананыя і таму я прыняў такое рашэньне».

Незарэгістраваныя актывісты партыі Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя, якія таксама зьбіраліся ўдзельнічаць у выбарах дзеля прыцягненьня ўвагі грамадзтва да вострых праблемаў, не зьбіраюцца адмаўляцца ад некаторых заплянаваных акцый. «Тэма палітвязьняў будзе прысутнічаць на выбарчай кампаніі ў любым выпадку, зарэгістравалі нас ці не», — паведаміла актывістка Вольга Кавалькова.