Сьветлагорск. Замест лесу — пляцоўка для хімзавода

Адзін з прадстаўнікоў мясцовага лясьніцтва пацьвердзіў:

«Так, сякуць пад завод. Там працуе ўвесь лясгас. Там і харвэстэры працуюць, і ўся найноўшая тэхніка. Усю паласу сякуць ажно да гародніннай фабрыкі. Поле гародніннай фабрыкі, дзе сажалка, забяруць. І за плотам цэлюлёзна-кардоннага камбінату таксама паласу лесу забяруць».

3 верасьня Гомельскі аблвыканкам сваім рашэньнем выдзеліў 70 гектараў пад будоўлю ў Сьветлагорску заводу па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы.

На вуліцах Школьнай й Лясной у вёсцы Якімава Слабада шэраг жыхароў атрымалі папярэджаньні, што ў іх забіраюць частку гародаў дзеля дзяржаўных патрэбаў — наколькі вядома, каб паставіць вышкі лініі электраперадач.

Спадарыня Людміла зь Якімавай Слабады: «Нас, жыхароў Якімавай Слабады, ніхто ня хоча ні слухаць, ні бачыць ва ўпор. Яшчэ ў красавіку мы пасылалі звароты ў чатыры інстанцыі з просьбай выбраць іншую пляцоўку для заводу. Ну ня суньце вы яго пад нашыя дамы й гароды. Мы й так у няшчаснай гэтай кілямэтровай зоне ад цэлага прамысловага вузла, ад комплексу хімічных прадпрыемстваў. І яшчэ гэты завод — мы ўжо яго пэўна не перажывем».

У Якімавай Слабадзе й Сьветлагоску агулам сабрана звыш 10 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва заводу беленай цэлюлёзы — іх яшчэ ўвесну накіроўвалі ў адміністрацыю прэзыдэнта, ва ўрад і нават у амбасаду Кітаю, на сродкі якога маюць будаваць згаданы завод. Аднак пратэстныя подпісы сьветлагорцаў пераадрасавалі ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. У адказ празь мясцовы райвыканкам былі арганізаваныя 17 жніўня так званыя грамадзкія слуханьні, на якіх нікому з прадстаўнікоў грамадзкасьці слова не далі. Адбылася, па сутнасьці, прэзэнтацыя праекту новай вытворчасьці. Ня згадваліся ніякім чынам і 10 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва заводу на цяперашняй пляцоўцы — побач з цэлюлёзна-кардонным камбінатам.

Вадзім Болбас

Жыхар Сьветлагорску, грамадзкі актывіст, хімік па адукацыі Вадзім Болбас: «Я гэтым абураны, я расстроены. Подпісы 10 тысяч чалавек аказаліся марнымі. Ніхто на людзей не зьвяртае ўвагі».

Валіць лес пад завод беленай цэлюлёзы пачалі яшчэ да зьяўленьня высноваў грамадзкай камісіі па ацэнцы ўзьдзеяньня новай хімічнай вытворчасьці на навакольнае асяродзьдзе. Удзел грамадзкасьці ў абмеркаваньні будаўніцтва вытворчасьцяў, якія закранаюць інтарэсы людзей, прадугледжаны Орхускай канвэнцыяй. Грамадзкую экалягічную экспэртызу маюць падрыхтаваць да 20 верасьня. Безь яе ня можа быць і дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы Мінпрыроды.

Прадстаўніца грамадзкай камісіі зь Менску Ірына Сухій заўважае: «Ніякім чынам ня можа пачацца будаўніцтва. Гэта парушэньне, і трэба пісаць у пракуратуру».

Тэльман Масьлюкоў

Каардынатар грамадзкай камісіі са Сьветлагорску Тэльман Масьлюкоў лічыць, што расчыстка пляцоўкі пад завод беленай цэлюлёзы абумоўленая, верагодна, цэлым шэрагам акалічнасьцяў:

«Адна — паказаць людзям, што ўсё ўжо вырашана й распачата. Другое — ім трэба рабіць нейкія геадэзічна-дасьледчыя працы, і яны сьпяшаюцца, каб гэта зрабіць да зімы. Магчыма, і праектанты патрабуюць ад іх нейкіх зьвестак. Але ўсё адно гэта не павінна, наколькі я разумею, рабіцца да таго, як будзе экспэртыза».