Сяргей Грыц: Сінякі «расквітнелі» напоўніцу — зусім інакш, чым у першы дзень было

Фотакарэспандэнт Associated Press Сяргей Грыц зафіксаваў атрыманыя траўмы і зьвярнуўся ў міліцыю зь пісьмовай заявай з нагоды нападу на яго супрацоўнікаў спэцслужбаў.
Фотакарэспандэнта Сяргея Грыца і іншых журналістаў, а таксама моладзевых актывістаў зьбілі і затрымалі ў цэнтры Менску падчас пікету за байкот выбараў у Палату прадстаўнікоў.

Сяргей Грыц таксама распавёў «Свабодзе» пра стан свайго здароўя.

«Патэлефанавалі зь міліцыі пазаўчора, прапанавалі прыехаць напісаць заяву. Я прыехаў, напісаў, зьняў пабоі, прыклаў гэтую выснову ад судмэдэкспэрта, фатаздымкі падчас затрыманьня — там цудоўна ўсё відаць. Ну, і зараз гэтая заява з усімі дакумэнтамі пойдзе па інстанцыях — няхай там разьбіраюцца. Адчуваю сябе здавальняльна, працую, але выгляд вельмі непрэзэнтабэльны. Сінякі ўсе гэтыя расквітнелі напоўніцу, самая „прыгажосьць“ зараз — зусім ня тое, што ў першы дзень было. Змазваю крэмамі, але тыдзень прыйдзецца пачакаць».

Юрыст праваабарончай журналісцкай арганізацыі БАЖ Андрэй Бастунец пракамэнтаваў выніковасьць зваротаў журналістаў у праваахоўныя органы.

Бастунец: «Было шмат зваротаў, і галоўным адрасатам быў міністар МУС Куляшоў, калі адбываўся ціск не на аднаго, а на вялікую колькасьць журналістаў. Асабліва моцны гэты ціск быў пасьля выбараў 2010 году, і зараз раз-пораз узьнікаюць такія сытуацыі. Якія былі дасягненьні? У абсалютнай большасьці выпадкаў журналістам вярталі адабраную апаратуру. Што тычыцца прыцягненьня да адказнасьці вінаватых, то з гэтым нашмат больш складана: імёны і прозьвішчы тых міліцыянтаў, якія парушалі правы журналістаў, — яны замоўчваліся. І мы не маглі даведацца, ці атрымлівалі гэтыя людзі нейкія спагнаньні. Але я заўсёды казаў, што неабходна выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі для прыцягненьня да адказнасьці вінаватых. Больш за ўсё памыляецца той, хто нічога ня робіць».