Гамбурскі рахунак Бахарэвіча - «падручнік беларускай літаратуры ХХІ ст.»

У Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

Спампаваць тут


Прэзэнтацыя кнігі Альгерда Бахарэвіча праходзіла ў залі Інстытуту Гётэ. Даволі вялікае памяшканьне — на сотню месцаў — было запоўненае цалкам.

Зь вітальным словам адкрыў прэзэнтацыю дырэктар Інстытуту Гётэ ў Менску Франк Баўман. Ён сказаў, што калі прыехаў сюды, ня ведаў такіх імёнаў, як Купала, Колас, Багдановіч, і вырашыў, што гэта недахоп менавіта ў яго адукацыі, а цяпер, дзякуючы Бахарэвічу, які напісаў цікавую кнігу, можа гэты недахоп кампэнсаваць.

Рэдактар кнігі Сяргей Шупа прывёў вынікі нядаўняга апытаньня на сайце Радыё Свабода — 25 адсоткаў наведнікаў з пачатку году не прачыталі ніводнай кнігі. 35 — ад адной да пяці кніг.

«Гэта лічба нас напалохала—60% не прачыталі за гэты год і пяці кніг. І напэўна ж, значную частку гэтага займалі кніжкі на расейскай мове. Выглядае, што масавы чытач беларускай клясыкі знаходзіцца ў стане клінічнай сьмерці, і яго трэба неяк ажывіць. І мы запрасілі Альгерда Бахарэвіча выступіць у роді лекара (як аўтара „Малой мэдычнай энцыкляпэдыі“) і паспрабаваць на гэтым амаль нежывым электрашок. І электрашок Альгарда Бахарэвіча — гэта апошняя спроба дагрукацца да тых, хто знаходзіцца па-за абсягам беларускай літаратурнай клясыкі.

І гэтая ідэя сапраўды пачынае працаваць. І сама тая гарачая дыскусія на сайце паказала, што сама беларуская літаратура яшчэ жывая, калі яна здольная выклікаць такія жарсьці».

Your browser doesn’t support HTML5

Фрагмэнты прэзэнтацыі «Гамбурскага рахунку Бахарэвіча»



Сам аўтар пачаў свой выступ вершам Янкі Купалы «Паяжджане», а пасьля распавёў, як ён дайшоў да беларускай літаратуры, — не праз школу, бо не любіў настаўніцу «белліту», якую дзеці называлі паміж сабой Жабай, а ад сваёй бабулі Марыя Канстанцінаўны. Менавіта ад яе расейскамоўны гарадзкі хлопчык пачуў першыя творы беларускіх пісьменьнікаў. А бабуля скончыла толькі пяць клясаў.

«У гэтай кніжкі ёсьць адна асаблівасьць — я нікога з клясыкаў ня ведаў асабіста. Гэта кніга — дзёньнік чытача, абсалютна прыватны дзёньнік. Я зусім не прэтэндую на ролю дасьледчыка, знаўцы літаратуры — я чытач. Але чытач я не зусім звычайны — я яшчэ і „пісач“. Падчас працы над ёй я прайшоў праз чатыры стадыі. Пачыналася ўсё з пагарды — яшчэ са школы ставіўся да беларускай літаратуры з пагардай... Потым зьявілася зацікаўленасьць — калі я пачаў чытаць. Потым гэта зацікаўленасьць перарасла ў любоў — я палюбіў беларускую літаратуру палкай любоўю дылетанта. А потым, як заўсёды бывае зь любоўю — яна скончылася і перарасла ў вялікую павагу. І цяпер я гляжу на гэтую літаратуру халодным і разважлівым поглядам: гэтая літаратура ня горшая за астатнія. І ня лепшая, і ня горшая — яна годная, са сваімі клоўнамі, вялікімі магістрамі, злачынцамі і пераможцамі.

І вельмі шкада, што тут толькі 52 тэксты. Іх павінна быць значна больш. Цікава было б напісаць пра Мойшэ Кульбака, Цішку Гартнага, многіх іншых».

Дарэчы, за фразу «Ня лепшая яі ня горшая» зачапіўся адзін малады чалавек, і папрасіў удакладніць, чаму Бахарэвіч так лічыць, маўляў, гэта ж «ні рыба ні мяса» .

Альгерд Бахарэвіч адказаў: «Апроч мяса і рыбы ёсьць шмат іншых смачных рэчаў, гарэлка з таматным сокам, напрыклад... Вось хто-небудзь ведае альбанскіую літаратуру? Я чытаў толькі аднаго — Ісмаіла Кадарэ, які зьехаў у Францыю, і толькі тады Эўропа пра яго даведалася. Тое самае зь беларускай літаратурай: адзіны наш пісьменьнік, творы якога можна ўзяць у бібліятэцы ў Гамбургу, — Быкаў. Зь якой мовы яго пераклалі? З расейскай. Гэтага ня трэба саромецца, але па вядомасьці ў сьвеце мы на ўзроўні альбанцаў: і ў футболе, і ў літаратуры. Старажытныя і цікавыя такімі, якімі ёсьць».

Літаратар Віктар Жыбуль узгадаў пра раньняе юнацтва аўтара кнігі — калі Бахарэвіч пісаў перажана вершы — авангардыскія, панкавыя. І зачытаў фрагмэнт: «Не, спадарства, я ня першы, // хто пачаў камячыць словы. // Напісаны мной ня вершы — // зьдзекі зь беларускай мовы... »

Альгерд Бахарэвіч і Віктар Жыбуль



Дарэчы, Бахарэвіч, калі выступоўцы ўзгадвалі яго раньнюю творчасьць, першыя вершы, апублікаваныя ў «Чырвонай зьмене» у 1992 годзе, чырванеў і прасіў удакладніць год, калі твор быў напісаны.

А Віктар Жыбуль, які дапамог знайсці цікавыя ілюстрацыі да кнігі Бахарэвіча, шчыра прызнаўся:

«Для мяне стала неспадзяванкай, што ён узяўся за гэты праект. І цікава, што у такога „прыпанкаванага бумбаўлітаўца“ выйшла кніга, прысьвечаная беларускай літаратуры, прысьвечаная клясыкам. Некаторыя пабачылі ў тэкстах Бахарэвіча толькі іронію і цынізм. Але мяне, напрыклад, эсэ пра Лукаша Калюгу і Ўладзімера Жылку кранулі за жывое...»

Адам Глoбус прызнаўся, што ён сын парторга, і яму вельмі прыемна было чытаць пра такое стаўленьне да літаратуры. «Я лічу, што жанр гэтай кніжкі — альтэрнатыўнае літаратуразнаўства». Глёбус выступіў як сьведка — у адрозьненьне ад Базарэвіча, ён асабіста ведаў многіх клясыкаў, бо жыў зь імі па суседзтву І прыгадаў некалькі забаўных гісторый. Пра Івана Навуменку, які напісаў «непалітткарэктны сказ» — «Негры былі чорныя, а кашулі на іх былі белыя». Пра тое, як пажартавалі з жонкай Івана Шамякіна, маўляў «Ваш муж удзельнічаў у оргіях разам з Макаёнкам...»

Адам Глобус



Журналіст і літаратар Віктар Марціновіч назваў твор Бахарэвіча «Падручнікам беларускай літаратуры ХХІ стагодзьдзя. Гэта аналяг набокаўскіх лекцыяў па рускай літаратуры».

Віктар Марціновіч



Падчас прэзэнтацыі была прыгаданая чорная дата беларускай культуры — ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году, калі былі расстраляныя больш за сотню дзеячоў навукі і культуры Беларусі, сярод іх 22 літаратары. Малады паэт Антон Рудак прачытаў вершы, прысьвечаныя літаратарам 30-х, а Аляксандар Памідораў і Сяргей Шупа пазнаёмілі слухачоў з урыўкам паэмы «Дзісенскі Чайлд-Гарольд» аднаго з забітых у тую ноч 75 гадоў таму — Мойшэ Кульбака.

Сяргей Шупа і Аляксандар Памідораў. Фота: budzma.org



Арганізатары прэзэнтацыі прыдумалі забаўную віктарыну — аўтар чытаў фрагмэнты з твораў беларускіх пісьменьнікаў, а народ угадваў аўтара. Пераможцы атрымалі кніжныя прызы — рэдкія беларускія выданьні 1950-х гадоў. А Адам Глобус нават зарабіў 50 тысяч: першым правільна ўгадаў аўтара фрагмэнта, прапанаванага Пётрам Садоўскім.

Паколькі на форумах Радыё Свабода падчас публікацыяў эсэ Бахарэвіча разгарэліся нежартоўныя жарсьці, многія чакалі, што і на прэзэнтацыі будзе гарачая дыскусія. Але аўтар кнігі, можна сказаць, прадухіліў яе: ён сам прачытаў самыя вострыя фрагмэнты.

Ну а прыканцы прэзэнтацыі па аўтограф на сьвежай кніжцы стаяла вялікая чарга.

фота: budzma.org