Праваабаронцы не выключаюць, што Гайдукова катуюць у КДБ

Андрэй Гайдукоў

Ініцыятыва «Праваабаронцы супраць катаваньняў» накіравала тэрміновае паведамленьне спэцыяльнаму дакладчыку ААН.
Гэта паведамленьне пра магчымыя катаваньні наваполацкага актывіста Андрэя Гайдукова, якога вінавацяць паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Здрада дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасьці».

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу спэцдакладчыка ААН на факты нядопуску адваката ў СІЗА КДБ — адвакат Гайдукова ўжо двойчы безвынікова спрабаваў трапіць да свайго падабароннага.

На думку ініцыятараў паведамленьня ў ААН, гэтыя факты могуць сьведчыць аб прымяненьні катаваньняў. Апрача таго, гэта адмова чалавеку ў праве на прафэсійную юрыдычную абарону.

Праваабаронцы просяць спэцдакладчыка запатрабаваць у беларускіх уладаў тлумачэньняў наконт умоваў утрыманьня Гайдукова пад вартай. А таксама рэкамэндаваць дзяржаўным структурам ў тэрміновым парадку забясьпечыць магчымасьць сустрэчы з адвакатам затрыманаму Гайдукову.

23-гадовы апэратар наваполацкага «Нафтану» быў затрыманы 8 лістапада ў Віцебску нібыта падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спэцслужбы. Сябры і знаёмыя Гайдукова лічаць гэтае абвінавачаньне абсурдным і тлумачаць ціск з боку КДБ спробамі запалохаць беларускіх моладзевых актывістаў. У прыватнасьці, да Андрэя Гайдукова і раней прыходзілі «на гутаркі» людзі ў цывільным ды раілі «не займацца палітыкай», пагражаючы «непрыемнасьцямі».

Афіцыйных зьвестак пра «шпіёнскую справу» пасьля паведамленьня пра затрыманьне Гайдукова амаль няма. Вядома толькі, што яго месяц трымалі ў менскім СІЗА КДБ, потым зь нейкіх прычын перавялі ў віцебскі СІЗА, а напрыканцы сьнежня зноў перавезьлі ў Менск. Пакуль ішоў першы месяц арышту, сваякі не атрымлівалі лістоў ад Гайдукова, іхныя допісы таксама не даходзілі ў СІЗА КДБ. А ў апошніх лістах, атрыманых бацькамі, Андрэй Гайдукоў піша пра верагодныя фальсыфікацыі ягонай справы.