Акцыя-выклік у Наваполацку

Яўген Парчынскі і Сяргей Малашэнак на ганку гарадзкога суду ў Наваполацку

Наваполацкія актывісты Яўген Парчынскі і Сяргей Малашэнак сфатаграфаваліся на ганку гарадзкога суду з партрэтамі асуджанага Алеся Бяляцкага.
Новапалачане зрабілі тое самае, што I гарадзенскія праваабаронцы Віктар Сазонаў, Раман Юргель і Ўладзімер Хільмановіч, якіх за падобнае фота ў інтэрнэце прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці.

Гэта была акцыя салідарнасьці з пакаранымі штрафамі гарадзенцамі, кажа адзін з удзельнікаў, Сяргей Малашэнак:

«Таксама мы хочам паглядзець на рэакцыю нашых мясцовых уладаў. Бо адміністрацыйны судовы працэс у Горадні мы лічым абсурдным і палітычна матываваным».

Фотаздымак, дзе актывісты стаяць на ганку суду, трымаючы ў руках партрэты кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, разьмешчаны на мясцовым незалежным сайце http://freeregion.info.

Удзельнікі акцыі сьвядома пайшлі на такі крок, бо перакананыя ў абсурднасьці абвінавачаньня гарадзенскіх праваабаронцаў, на якіх міліцыянты склалі рапарт пра несанкцыянаваны пікет, спаслаўшыся на фотаздымак у інтэрнэце. 5 студзеня гарадзенскі суд Ленінскага раёну наклаў на Віктара Сазонава, Рамана Юргеля і Ўладзімера Хільмановіча штрафы памерам 1,5 мільёна кожнаму за фота з партрэтамі Алеся Бяляцкага і брашурамі «Ўсеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека».