Судзьдзя Комар мяняе свой лёс

Вольга Комар на судзе над Васілём Парфянковым

Звальненьне судзьдзі Фрунзенскага суду Вольгі Комар выклікала вялікі розгалас у грамадзтве. Згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі ад 14 студзеня зь ёй не працягнулі кантракт.
Тое, што Вольга Комар звольнілася і больш не працуе судзьдзёю, пацьвердзілі ў Фрунзенскім раённым судзе Менску. Паводле калегаў і сяброў спадарыні Комар, яна сама не пажадала далей працаваць судзьдзёй і сышла па ўласным жаданьні.

Вольга Комар была першай з судзьдзяў, якія разглядалі справы ўдзельнікаў Плошчы. Яна асудзіла Васіля Парфянкова на 4 гады. Пасьля гэтага пайшлі іншыя гучныя працэсы. Адной зь першых яна трапіла і ў сьпісы неўязных у краіны Эўразьвязу. Адной зь першых і звольнілася.

Праваабаронца Павал Левінаў, якога Вольга Комар асудзіла на 10 сутак, заўважыў, што добра разумее, што ўсе судзьдзі ў Беларусі — людзі не незалежныя, а цалкам паднявольныя:

Павал Левінаў

«Я крыўдаў і зла не трымаю. Судзьдзя Вольга Комар — прафэсіянал сваёй справы. Пасьля таго, як я вызваліўся, наведаў судзьдзю, у нас адбылася зь ёй размова, і яна сказала, што пасьля заканчэньня кантракту будзе сыходзіць і судзьдзёй заставацца ня будзе. Проста зараз у інтэрнэце чытаю камэнтары, што яе выгналі, выкінулі — ня думаю. Гэта яе рашэньне, якое яна прымала самастойна, і, напэўна, штосьці рухала ёй».

Пасьля судоў над грамадзкімі актывістамі былую ліцэістку Вольгу Комар пачалі «пляжыць» у сацыяльных сетках, ёй адкрыта пагражалі, сьведчыць яе сяброўка і каляжанка, якая прасіла не называць сваё імя:

«Ёй давялося вельмі цяжка. Ёй паступалі пагрозы фізычнай расправы. І ёй, і ейнай дачцэ — увесь час, калі гэта ўсё адбывалася. Насамрэч, гэта было вельмі страшна. Ёй прыходзілі і SMS, і званкі, што „ты захлынесься крывёй свайго дзіцяці“. Чалавек не заслужыў таго, каб зь ёй рабілі так».
Ёй прыходзілі і SMS, і званкі, што „ты захлынесься крывёй свайго дзіцяці“

Выпускніца Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа 1995 году Вольга Комар (у дзявоцтве Канойка) вучылася ў адной групе разам зь літаратарам Міхасём Баярыным:

«Што да ліцэйскіх часоў — усё было выдатна, усе дзяўчаты вельмі дружныя былі. Здаецца, неблагая дзяўчына была, вельмі добра вучылася. У мяне ёсьць фатаздымкі, дзе мы зь ёй разам. Для мяне было абсалютнай нечаканасьцю, калі я даведаўся, што яна судзьдзя і ў такіх справах фігуруе. Я тады вельмі зьдзівіўся».

Дарэчы, яшчэ да таго, як стаць судзьдзёй, Вольга Комар працавала адвакатам. Калегі адзначаюць:

«Нават і адвакаты, якія зь ёй працуюць, характарызуюць яе вельмі добра: яна ніколі ня будзе падзяляць, ці гэта сяброўскія стасункі, яна заўсёды будзе рабіць паводле кодэксу, паводле закону, яна прымае рашэньні толькі зыходзячы з гэтага пункту гледжаньня. Яна на высокім уліку сярод адвакатаў, сярод калегаў. Яна сапраўды мае аўтарытэт, таму што зь ёй заўсёды раіліся ў самых складаных справах.

Я думаю, што яна зрабіла выбар, які будзе лепшым для яе. Таму што ў чалавека адно жыцьцё, і ён сам робіць выбар — як яму яго пражыць».

Калегі кажуць, што Вольга Комар другі раз выйшла замуж і сышла з суду, але не з прафэсіі — будзе надалей працаваць юрыстам.