Менск і Бялград — як Менск і Тбілісі?

Сэрбскі флаг у Менску

Сёньняшняе зьяўленьне ў Менску прэзыдэнта Сэрбіі Томіслава Нікаліча, які прыбыў у Беларусь з двухдзённым афіцыйным візытам, выклікала шмат пытаньняў. Сэрбія летась далучылася да санкцыяў Эўразьвязу. Аднак, нягледзячы на гэта, прэзыдэнт Нікаліч сёньня сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

Рашэньне Бялграду аб далучэньні да санкцыяў Эўразьвязу дзейнічае да 31 лістапада 2013 году. Насуперак гэтаму Томіслаў Нікаліч прыляцеў у Менск. Тут ён бываў і раней, але толькі ў рангу дэпутата парлямэнту Сэрбіі. Ля ўваходу ў прэзыдэнцкую адміністрацыю паклалі чырвоную дывановую дарожку, паставілі роту ганаровай вахты, прагучалі дзяржаўныя гімны.

Аляксандар Лукашэнка, сустракаючы Томіслава Нікаліча, заявіў пра наяўнасьць палітычнай волі для разьвіцьця адносінаў Беларусі і Сэрбіі:

«Так, у нашых адносінах быў, на жаль, пэўны перапынак. Але, нягледзячы на гэта, і ў эканоміцы, і ў гандлі мы працавалі. І дамагліся пэўных вынікаў. Сёньня ёсьць палітычная воля працягнуць пачатае, нам ня трэба пачынаць спачатку».

Прэзыдэнт Сэрбіі падзякаваў уладам Беларусі за пазыцыю ў дачыненьні да Косава і Мятохіі:

«Дзякую вам за прынцыповую пазыцыю, якую Беларусь мае па адносінах да пытаньня Косава і Мятохіі. Нам вельмі каштоўная падтрымка ўсіх сяброў, якіх мы маем у сьвеце, каб шляхам перамоваў абараніць сваю дзяржаўнасьць і годнасьць».

Каб зразумець гэтую сытуацыю, Томіслава Нікаліча трэба разглядаць як новую зьяву ў сэрбскай палітыцы, адзначае палітоляг Юрась Чавусаў:

Юрась Чавусаў

«Ён здолеў аб’яднаць як нацыяналістычныя, так і праэўрапейскія сілы. Гэта новая зьява — праэўрапейскі сэрбскі нацыяналізм. Але, нягледзячы на гэта, застаецца галоўная траўма сэрбскай палітыкі. Гэта — распад Югаславіі і, яшчэ ў большай ступені, страта Косава. Гэтага Нікаліч пераадолець ня здолеў. Але на глебе гэтай зьявы і магчымае сэрбска-беларускае супрацоўніцтва.

Яно можа праходзіць пад уплывам тых жа чыньнікаў, што і беларуска-грузінскае. Яно выкліканае найперш цьвёрдай пазыцыяй Менску па непрызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі як незалежных дзяржаваў. Вядома ж, гэта ня будзе тое ж самае супрацоўніцтва, як паміж Беларусьсю і Грузіяй, паколькі няма аналягічнага чыньніку, як расейска-грузінскі канфлікт. Тым ня менш удзячнасьць сэрбаў абумоўлівае магчымасьць наладжваньня стасункаў».

У вяртаньне да былых вельмі цесных дачыненьняў паміж Менскам і Бялградам верыць старшыня Беларускага славянскага камітэту, у мінулым дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян. Ён асабіста добра ведае цяперашняга прэзыдэнта Сэрбіі, неаднаразова сустракаўся зь ім і ў Бялградзе, і ў Менску. Візыт Томіслава Нікаліча Сяргей Касьцян ня лічыць нечаканым і кажа, што закрытая падрыхтоўка да яго вялася па розных каналах. А прыезд кіраўніка Сэрбіі ў Беларусь спадар Касьцян тлумачыць так:

Сяргей Касьцян

«Гэты чалавек вельмі праславянска настроены. Так, Сэрбія імкнецца ў Эўрапейскі Зьвяз. І, мабыць, у іх няма іншага выйсьця.

Але Нікаліч таксама разумее, што славянскі сьвет — гэта адзін з тых напрамкаў, які дапаможа Сэрбіі выйсьці на міжнародныя прасторы. Тым больш што створаны Мытны зьвяз, адкрываецца вельмі вялікі рынак. І таму Нікаліч разумее: каб падняць эканоміку Сэрбіі, трэба працаваць на ўсходнім напрамку. А з кім тут у Сэрбіі найлепш адладжаныя дачыненьні? Зь Беларусьсю — даўнія сувязі, даўнія напрацоўкі, даўнія знаёмыя».

Сяргей Касьцян таксама сказаў «Свабодзе», што летась ён асабіста дапамагаў прадстаўнікам дзелавых колаў Сэрбіі ўзнавіць пастаўкі калійных угнаеньняў з Салігорску. Паводле ягоных словаў, сэрбы таксама зацікаўленыя ў атрыманьні сельскагаспадарчай тэхнікі зь Беларусі. Яны гатовыя наладзіць у сябе сэрвісныя службы для такой тэхнікі. А сэрбы ў адказ маглі б удзельнічаць у будаўнічых праектах у Беларусі. Такія праекты плянаваліся даўно, кажа Сяргей Касьцян, і да іх трэба вяртацца.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі «Свабодзе» паведамілі: паездкі грамадзянаў абедзьвюх краін цяпер ажыцьцяўляюцца на бязьвізавай аснове. Але пры ўмове, што працягласьць знаходжаньня не перавышае 30 дзён.