Зяць Барыса Беразоўскага паведаміў пра яго сьмерць

Паведамленьне пра сьмерць расейскага алігарха ў выгнаньні зьмясьціў на старонцы ў фэйсбуку ягоны зяць Ягор Шупэ. Беразоўскаму было 67 гадоў.

Пра сьмерць Беразоўскага ў Фэйсбуку напісаў і ягоны адвакат Аляксандар Дабровінскі.

Некаторыя СМІ паведамілі, што ён знойдзены мёртвым у ванне ў графстве Сарэй. Ад 2000 году Беразоўскі жыў у Велікабрытаніі, дзе ён атрымаў палітычны прытулак. Пра прычыны сьмерці не паведамляецца.

У мінулыя два гады Беразоўскі нёс вялікія выдаткі — спачатку яму давялося прайсьці праз дарагі развод з жонкай, пасьля чаго ён прайграў справу бізнэсоўцу Раману Абрамовічу.

Дакладна невядома, якую частку сваіх актываў Беразоўскі выдаткаваў на гэтыя разьбіральніцтвы, але, паводле некаторых ацэнак, гаворка можа ісьці пра сотні мільёнаў фунтаў. У Расеі, пакінутай прадпрымальнікам дзесяць гадоў таму, Беразоўскі абвінавачваўся ў шэрагу злачынстваў.

У фільме «Беразоўскі», які выйшаў на канале «Расія» ў сьнежні мінулага году, яго імя непасрэдна зьвязвалі зь некалькімі гучнымі забойствамі апошніх 20 гадоў, уключна са сьмерцю журналіста Ўладзіслава Лісьцьева ў 1995 годзе і забойствам дэпутата Дзярждумы Сяргея Юшанкова ў 2003 годзе.

BBC нагадвае, што Беразоўскі перажыў шмат замахаў на жыцьцё.

Барыс Беразоўскі пакінуў свой сьлед і ў Беларусі.

У эксклюзыўным інтэрвію Свабодзе ў 2000 годзе Барыс Беразоўскі фактычна пацьвердзіў, што на пэўным этапе Лукашэнка разглядаўся ў Крамлі як адзін з рэальных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Расеі.

Выказвасўя ён і наконт апошніх падзеяў у Беларусі.

«Падзеі 19–20 сьнежня ў Менску былі спэцапэрацыяй расейскіх спэцслужбаў, а супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў працуюць на Расею», — такую заяву зрабіў Беразоўскі ў студзені 2011 году ў інтэрвію ўкраінскай газэце «Сегодня».

Ён адзначыў, што тое, што адбылося ў Беларусі, «выгадна Расеі і катэгарычна ня выгадна ні Беларусі, ні Захаду».

«Расея атрымала неабмежаваны ўплыў у гэтай краіне і, па сутнасьці, загнала беларускія ўлады ў кут. Лукашэнка тры гады вельмі пасьлядоўна рухаўся ў бок дэмакратычных пераўтварэньняў», — адзначыў бізнэсмэн.

«Але ў ноч пасьля выбараў было перакрэслена ўсё, што рабілася тры гады. І я лічу, што гэта, безумоўна, пасьпяховая апэрацыя расейскіх спэцслужбаў, якія, выкарыстоўваючы сваю пятую калёну ў Беларусі, змаглі перавярнуць сытуацыю».

На яго думку, «ніякай спробы захопу дому ўраду не было».

«Галоўнае, што трэба было зрабіць, — гэта выставіць ахову для кандыдатаў у прэзыдэнты, якія прыйшлі на гэты мітынг. Спэцслужбы Лукашэнкі павінны былі іх ахоўваць, а ня біць па галаве. Гэта і была б перамога Лукашэнкі», — сказаў расейскі алігарх.

Беразоўскі не сумняваўся ў тым, што Аляксандра Лукашэнку «падставіла бліжэйшае атачэньне».

«Я нават больш-менш уяўляю, хто гэта рабіў — яго ўласныя спэцслужбы, якія давалі яму падманную інфармацыю пра падзеі, што адбываліся на плошчы 19 сьнежня. І гэтыя супрацоўнікі — безумоўна, супрацоўнікі адначасова расейскіх спэцслужбаў. І ў першую чаргу, размова ідзе пра старшыню КДБ Беларусі», — заявіў бізнэсмэн.

А напярэдадні апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі расейскі тэлеканал НТВ назваў Беразоўскага «касірам Лукашэнкі на Захадзе». Аўтары нашумелага фільма «Хросны бацька» сьцвярджалі, што некалі блізкі да Беразоўскага амэрыканскі адвакат Эмануіл Зэльцэр, асуджаны беларускім судом нібыта за камэрцыйны шпіянаж і карыстаньне падробленымі дакумэнтамі, наўпрост заяўляў: Беразоўскі — касір Лукашэнкі на Захадзе, своеасаблівы «пэнсійны фонд» беларускага кіраўніка на той выпадак, калі Лукашэнку давядзецца тэрмінова ўцякаць зь Беларусі.

Самыя азначаныя сьляды і сувязі Беразоўскага ў Беларусі выявіліся ў сувязі са скандалам вакол спадчыны памерлага грузінскага алігарха і яго былога кампаньёна Бадры Патаркацышвілі. Тады ў Менску быў арыштаваны, а пазьней асуджаны па надуманых артыкулах адвакат сям’і Патаркацышвілі Эмануіл Зэльцэр. Зэльцэр сьведчыў, што Беразоўскі прыяжджаў да яго ў ізалятар КДБ, а таксама прысутнічаў у менскім судзе. Зэльцэр быў зьдзіўлены, што Беразоўскага ў Беларусі не арыштавалі і што ён тут меў «статус недатыкальнасьці».

Барыс Беразоўскі нарадзіўся ў 1946 годзе.

У 1996-97 — намесьнік сакратара Савету Бясьпекі Расеі

у 1998-1999 — выканаўчы сакратар СНД

1999-2000 — дэпутат Дзяржаўнай Думы

Ад 2001 году — у эміграцыі ў Велікабрытаніі. У Расеі сутыкнуўся з шэрагам абвінавачаньняў (адмываньне грошай, махлярства, спроба гвалтоўнага захопу ўлады) і быў асуджаны да турмы завочна

У 2008 годзе Forbes налічыў у Беразоўскага $1,3 млрд.