Ад гастарбайтэраў больш праблем, чым карысьці?

Што дасьць Беларусі імкненьне ўладаў вырашыць дэфіцыт працоўнай сілы за кошт гастарбайтэраў? Выданьне «Фонд стратэгічнай культуры» прыходзіць да высновы: такім чынам можна толькі загнаць праблему ўглыб.
Дэмаграфічная сытуацыя ў Беларусі ў цэлым выглядае лепш, чым у шматлікіх іншых рэспубліках былога СССР. Так, з 1990 па 2010 год колькасьць насельніцтва Беларусі скарацілася на 6,9%, у той час як скарачэньне насельніцтва Грузіі склала 20,4%, Малдовы — 18,6%, Латвіі — 15,4%, Армэніі — 14,3% , Эстоніі — 13,3%, Украіны — 12%, Літвы — 8,3%.

У той жа час у наступныя дваццаць гадоў дэмаграфічныя праблемы Беларусі па ўсіх прыкметах абвострацца... Асноўных прычын тры: зьмяншэньне насельніцтва ў вёсцы зь яго традыцыйна шматдзетнымі сем’ямі; падзеньне нараджальнасьці пад уплывам урбанізацыі адначасова з ростам сьмяротнасьці з прычыны зьмены узроставай структуры насельніцтва; масавая эміграцыя.

Паводле прагнозаў беларускага ўраду, да 2032 году скарачэньне насельніцтва можа скласьці 870 тыс. чалавек, у выніку чаго колькасьць жыхароў краіны паменшыцца да 8,5 млн. чалавек. Адбудуцца старэньне насельніцтва і рост дэмаграфічнай нагрузкі. Скароціцца і працоўны патэнцыял краіны, які цяпер складае каля 5,6-6 млн. чалавек. Да 2032 палова страт насельніцтва (прыблізна 472 тыс. чалавек) прыйдзецца на сельскую мясцовасьць. Асабліва значныя страты могуць панесьці Віцебская і Гарадзенская вобласьці. У выніку колькасьць раёнаў з крытычным узроўнем колькасьці жыхароў, ніжэй якога не забясьпечваецца ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё тэрыторыі (5-20 тыс. чалавек), можа ўзрасьці з 51 раёна ў цяперашні час да 77 у 2032. Такія раёны ахопяць больш за 60% тэрыторыі Беларусі. Адначасова, паводле ацэнак ўраду, да 2032 колькасьць раёнаў, дзе ўдзельная вага працаздольных стане менш як 45%, павялічыцца з 3 да 36. Да 63 узрасьце колькасьць раёнаў з удзельнай вагой працуючых ад 45 да 50%. У цэлым у групу рызыкі ўстойлівасьці разьвіцьця можа патрапіць 99 раёнаў са 118 (83,9%).
«Інтэрнацыяналізацыя рынку працы» будзе размываць нацыянальны склад жыхароў Беларусі

Праблему дэфіцыту працоўных месцаў улады Беларусі плянуюць вырашаць своеасабліва: з дапамогай прыцягненьня працоўных эмігрантаў з рэгіёнаў былога СССР, дзе маецца лішак працоўнай сілы — зь Сярэдняй Азіі і Малдовы. Нядаўна Міністэрства адукацыі сумесна з Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва Беларусі запусьціла пілётны праект «Інтэрнацыяналізацыя рынку працы Рэспублікі Беларусь: задавальненьне попыту прадпрыемстваў у працоўных кадрах ва ўмовах зьмяншэньня колькасьці выпускнікоў устаноў прафэсійнай адукацыі». Мяркуецца, што для лепшай адаптацыі працоўных эмігрантаў іх спачатку будуць адпраўляць на вучобу ў беларускія ПТВ. Пры гэтым колькі-небудзь сур’ёзных мер, якія маглі б утрымаць карэннае працаздольнае насельніцтва ў краіне, не прадугледжваецца. Лічыць такое рашэньне праблемы здавальняючым ніяк нельга.

Па-першае, праславутая «інтэрнацыяналізацыя рынку працы» будзе размываць нацыянальны склад жыхароў Беларусі. Мяркуючы па бытавых канфліктах беларусаў з прыежджымі з Закаўказьзя і Сярэдняй Азіі, што адбыліся ў канцы мінулага — пачатку гэтага году, грамадзяне ў масе сваёй вельмі нэгатыўна ўспрымаюць наплыў прыежджых зь іншымі стэрэатыпамі паводзін, асабліва калі гэта праяўляецца ў нейкай кідкай форме ў публічных месцах.

Наяўнасьць праблемы прызнае і газэта «Советская Белоруссия» (орган Адміністрацыі Прэзыдэнта): «На нашым партале пад загалоўкам „Беларусь бясьсільная перад гастарбайтэрамі?“, — піша газэта, — быў апублікаваны аўтарскі блог Дзьмітрыя Партона. Літаральна за тыдзень матэрыял прачытала каля 30.000 чалавек, якія пакінулі 73 камэнтароў. На жаль, рэдакцыя так і не атрымала інфармацыі або меркаваньні адносна ўзьнятай праблемы ад Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі. Шырокі грамадзкі рэзананс у абмеркаваньні гэтай тэмы выклікалі прыклады з Расеі і Заходняй Эўропы, дзе праблема мультыкультурнасьці і пераходу сьціплай этнічнага меншасьці ў агрэсіўную большасьць становіцца ўсё відавочней хваравітай».

Па-другое, наяўнасьць таннай працоўнай сілы яўным чынам тармозіць працэс эканамічных рэформаў. Навошта займацца мадэрнізацыяй вытворчасьці там, дзе ёсьць танныя працоўныя рукі?
Наяўнасьць таннай працоўнай сілы яўным чынам тармозіць працэс эканамічных рэформаў

У выніку сур’ёзнага адказу на дэмаграфічны выклік і выклік на рынку працы няма. Бо замяшчэньне беларусаў, якія выбываюць на заробкі ў Расею, на значна менш кваліфікаваных гастарбайтэраў зь Сярэдняй Азіі ні праблему недахопу працоўных рук, ні праблему дэмаграфічнага росту вырашыць ня можа. У сілу сваёй нізкай кваліфікацыі гастарбайтэры падыходзяць толькі да абмежаванай намэнклятуры рабочых спэцыяльнасьцяў невысокай кваліфікацыі, тады як зьяжджаюць зь Беларусі найбольш кваліфікаваныя спэцыялісты. Напрыклад, апошнім часам у Расею сталі ў масавым парадку ад’яжджаць на працу спэцыялісты-аграрнікі, лекары і настаўнікі.

Для Беларусі праблема ўскладняецца тым, што па ўзроўні сярэдняй зарплаты рэспубліка ўжо ў два разы саступае ня толькі Расеі, але і Казахстану. Да гэтага дадаецца і тое, што ў студзені 2013 г. у Беларусі зьнізілася сярэдняя зарплата — з 550 даляраў да 500.

Усё гэта разам узятае, як і многае іншае, кажа пра тое, што дэмаграфічную праблему, якая вырастае з праблем арганізацыі эканомікі на сыстэмным узроўні, прыцягненьнем таннай працоўнай сілы гастарбайтэраў («інтэрнацыяналізацыяй рынка працы») ня вырашыць. Яе можна толькі загнаць ўглыб.

Юры Баранчык, Фонд стратэгічнай культуры