Бацька Вольгі Класкоўскай: Не сьпяшайцеся кідаць камяні

Аляксандар Класкоўскі

Журналіст Аляксандар Класкоўскі камэнтуе сытуацыю, якая склалася ў Швэцыі зь ягонай дачкой Вольгай Класкоўскай:

«Гэта чыста чалавечая драма, і ня трэба яе палітызаваць. На гэтым сюжэце ня трэба анікому спэкуляваць — ані ўладзе, ані апазыцыі, ані бульварным мэдыям. А ўвогуле мяне цяпер найбольш хвалюе, каб усё добра вырашылася з унучкай Міраславай.

Што ж да здарэньня, у выніку якога Вольга апынулася ў турме, то тут мала інфармацыі, каб рабіць нейкія высновы. Адно што я хачу, каб наступствы для Вольгі аказаліся мінімальна нэгатыўнымі.

Я хацеў бы зьвярнуцца да беларускай грамады, да супольнасьці, бо ў сацыяльных сетках ідзе такая хваля. Ня ведаючы ўсіх акалічнасьцяў, ня варта ні ў кога, хто датычны да гэтага сюжэту, сьпяшацца кідаць камяні».

Эмігрантка зь Беларусі Вольга Класкоўская 30 сакавіка апынулася ў швэдзкай турме паводле абвінавачаньня ў спробе забойства мужа. Дзе яе старэйшая дачка, адзінаццацігадовая Міраслава, невядома. Малодшы сын Адэм, швэдзкі грамадзянін, верагодна, знаходзіцца пад апекай сацыяльных службаў Швэцыі.