Рада БНР заклікала Швэцыю расьсьледаваць інцыдэнт са сьцягам

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі заклікае Швэцыю расьсьледаваць дзеяньні ахоўнікаў, які не дазволілі разгарнуць на трыбуне чэмпіянату сьвету па хакею вялікі бел-чырвона-белы сьцяг.
Заява Рады БНР

Аб недапушчальных гвалтоўных дзеяньнях у дачыненьні да Бел-Чырвона-Белага Сьцягу ў часе чэмпіянату сьвету па хакеі ў Швэцыі.

5 траўня на чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Швэцыі асобамі ў уніформе былі ўжытыя гвалтоўныя дзеяньні супраць актывістаў арганізацыі «Беларуская нацыянальная памяць», якія разгарнулі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Пры гэтым спасылаліся на нібыта палітычны характар Сьцяга.

Рада БНР сьведчыць, што Бел-Чырвона-Белы Сьцяг не зьяўляецца сымбалем якой-небудзь палітычнай партыі — ён ёсьць дзяржаўным сьцягам Рэспублікі Беларусь.

Рада БНР зьвяртае увагу, што лукашэнкаўскі рэжым зьмяніў сымболіку пасьля так званага «рэфэрэндуму 1995 году. Менавіта гэты «рэфэрэндум» быў пачаткам татальнага наступу на законнасьць, дэмакратыю і правы чалавека. Ён быў прызначаны і праведзены з грубымі парушэньнямі Канстытуцыі і законаў Беларусі. У часе прызначэньня рэфэрэндуму ў залі парлямэнту групай КДБ былі жорстка зьбітыя 19 дэпутатаў апазыцыі Беларускага Народнага Фронту. У часе агітацыі і галасаваньня былі зафіксаваныя парушэньні на кожным участку, дзе прысутнічалі незалежныя назіральнікі. Усё гэта дало падставы лічыць прававыя вынікі так званага «рэфэрэндуму» нелегітымнымі. Прыкметна, што вынікі гэтага «рэфэрэндуму» так і не зацьвердзіў парлямэнт, у часе кадэнцыі якога ён праводзіўся.

Акрамя таго, Бел-Чырвона-Белы Сьцяг зьяўляецца гістарычным беларускім сымбалем, і дзеяньні, якія былі прымененыя на чэмпіянаце сьвету, ёсьць абразай нацыянальнага гонару і годнасьці.

Рада БНР заклікае адпаведныя органы Швэцыі правесьці расьсьледаваньне ў дачыненьні да асобаў у ўніформе і прыняць захады ў адпаведнасьці з законам, а Міжнародную хакейную фэдэрацыю — гарантаваць павагу да дзяржаўных сымбаляў і выкананьне правоў чалавека ў часе спаборніцтваў.

Рада БНР таксама пратэстуе супраць выказаньняў старшыні Беларускай фэдэрацыі хакею спадара Яўгена Ворсіна, які ў інтэрвію журналістам дапусьціў сумнеўныя словы ў адносінах да заўзятараў зь цёмным колерам скуры. Такія выказваньні, мала таго што недапушчальныя ў цывілізаваным сьвеце, але да таго ж супярэчаць самому духу алімпійскага руху, у падставе якога — расавая роўнасьць і адсутнасьць дыскрымінацыі паводле расавай ці нацыянальнай прыкметы.