«Перастаньце быць прэм’ер-міністрам толькі паловы выбаршчыкаў»

Акцыі пратэсту, якія апошнімі днямі ахапілі Турэччыну — ў цэнтры увагі ўсяго сьвету.
Ці падобныя гэтыя пратэсты на каскад рэвалюцый «арабскай вясны»? Што было прычынай гэтага выбуху пратэсту і з каго ён складаецца? Ці можа ў грамадзянскі канфлікт умяшацца армія? З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да Натальлі Ульчанкі, загадчыцы сэктару Турэччыны Інстытута ўсходазнаўства Расейскай акадэміі навук.

РС: У чым прычыны таго, што зараз адбываецца ў Турэччыне? Там дастаткова дэмакратычная сыстэма, пэўна адна з самых дэмакратычных у азіяцкім сьвеце. Эканамічнае становішча калі не бліскучае, але зусім не катастрафічнае. І чаму лякальны канфлікт вакол лёсу парку ў Стамбуле выбухнуў на ўсю краіну і ахапіў самыя розныя колы насельніцтва. Чаму?

Ульчанка: Вычарпальны адказ утрымліваецца ў лёзунгу, які адзін апазыцыйны журналіст адрасаваў прэм’ер-міністру Эрдагану — перастаньце быць прэм’ер-міністрам толькі паловы выбаршчыкаў. Кожны раз партыя Справядлівасьці і разьвіцьця прыходзіла да ўлады, атрымаўшы прыкладна палову выбаршчыкаў. І ігнараваньне волі, жаданьняў той паловы выбаршчыкаў, якая захавала вернасьць сьвецкім ідэалам і адначасна эўрапейскім ідэалам свабоды — гэта і прывяло спачатку да назапашваньня незадавальненьня, а потым да яго цяперашняга выбуху.

РС: У якой ступені тое, што адбываецца зараз у Турэччыне, падобна на рэвалюцыі «арабскай вясны»? Гэта той жа мэханізм ці ня той жа?

Ульчанка: Часткова вы самі адказалі, калі сказалі, што Турэччына — эканамічна даволі пасьпяховая краіна. У арабскіх краінах адной з важных перадумоваў быў рост эканамічнай напружанасьці, зьніжэньне дабрабыту народных масаў. У Турэччыне гэтага не адбывалася. Адносна Турэччыны мы ня можам таксама казаць пра нейкія сталыя аўтарытарныя мэханізмы, партыя Справядлівасьці і разьвіцьця прыйшла да ўлады дэмакратычным шляхам праз легітымныя выбары. Таму і самы пэрыяд яе знаходжаньня ва ўладзе не такі працяглы, як у арабскіх краінах. Падабенства, магчыма, адно — што ў Турэччыне назіралася ўмацаваньне аўтарытарных элемэнтаў у палітыцы кіроўнай партыі, найперш з боку яе лідэра Рэджэпа Эрдагана.

Паводле трапнага выразу аднаго апазыцыйнага журналіста ён стаў прэтэндаваць на тое, каб быць бацькам усіх 75 мільёнаў турак, нягледзячы на тое, што значная іх частка даўно выйшла з дзіцячага ўзросту і здольная да самастойных рашэньняў.

Кіраўніцтва Турэччыны любіць спасылацца на тое, што насельніцтва краіны вельмі маладое, больш за палову турак і турчанак маюць узрост да 30 гадоў. Зараз лідэры краіны сутыкнуліся з адваротным бокам гэтай перавагі. У Турэччыне шмат моладзі, якая не прымае кансэрватыўную мусульманскую мараль.

РС: Але парадокс, што апазыцыя апэлюе да спадчыны Ататурка, які таксама зусім ня быў дэмакратам. Калі гаворыцца пра аўтарытарныя тэндэнцыі ў таго ж Эрдагана — мова ідзе пра парушэньне дэмакратычнай працэдуры ці пра тое, што ён дзейнічае ў адпаведнасьці з воляй сваіх прыхільнікаў, не зважаючы на волю тых, хто не падзяляе яго погляды?

Ульчанка: Ататурк сапраўды ня быў дэмакратам, але ён жорстка праводзіў прынцып сьвецкасьці дзяржавы. І гэта стварыла базу для ўкараненьня дэмакратычных, заходніх каштоўнасьцяў у Турэччыне на працягу доўгага часу. Турэччына ўжо даўно кандыдат ў чальцы Эўразьвязу.
Ісламізм улады ў спалучэньні з парушэньнем нормаў дэмакратыі аказаўся той сумесьсю, якую значная частка турэцкага грамадзтва аказалася не гатовай прыняць.

Што да парушэньня дэмакратычных прынцыпаў, то самы выразны прыклад — гэта расправы з апазыцыйнымі журналістамі, спробы ўзяць пад кантроль апазыцыйныя мэдыя. Прычым, расправы зь іншадумцамі часта робяцца з грубым парушэньнем канстытуцыйных нормаў. Ёсьць таксама рэчы, якія насаджаюцца ў ладзе жыцьця і якія могуць быць падтрыманыя рэлігійнай часткай грамадзтва, але якія непрымальныя для іншых. Скажам, апазыцыйна настроеная частка грамадзтва ня мае такой ужо пільнай патрэбы купляць алькаголь у час, калі яго продаж забаронены. Проста такія забароны выклікаюць раздражненьне, як спроба ўладаў рэгуляваць прыватнае жыцьцё грамадзянаў.

РС: Ці можа ў гэты канфлікт на баку пратэстоўцаў умяшацца армія? У гісторыі Турэччыны ўмяшальніцтва арміі ў палітыку здаралася неаднойчы, з часаў Ататурка армія была парадаксальным недэмакратычным мэханізмам захаваньня сьвецкага характару дзяржавы.

Ульчанка: Партыя Справядлівасьці і разьвіцьця, калі прыйшла да ўлады, адчуваючы недобразычлівае чаканьне з боку ўлады, зрабіла шмат, каб зьмяніць гэты традыцыйны для Турэччыны сцэнар. Гэта і зьмены ў Канстытуцыі, якія робяць недапушчальным умяшальніцтва арміі ў палітычны працэс, і кадравыя зьмены ў самой арміі. Армія па сваім складзе перастала быць маналітна сьвецкай. У апошнія гады ва ўзброеных сілах прайшлі жорсткія чысткі.
Таму выхад з крызісу Турэччыне давядзецца шукаць іншымі, новымі для яе шляхамі.