Мэблю з «чарнобыльскай» драўніны за мяжой купляць ня хочуць

На забруджаных радыяцыяй тэрыторыях можна нарыхтоўваць драўніну, вырабляць зь яе мэблю і іншую прадукцыю. На думку дырэктара Інстытуту лесу Акадэміі навук Аляксандра Кавалевіча — гэта ня толькі бясьпечна, але і эканамічна мэтазгодна.
Такую заяву беларускага навукоўца апублікавала дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА. Ці мэтазгодную ініцыятыву прапануе дырэктар Інстытуту лесу, разьбіралася наша карэспандэнтка.

Дырэктар Інстытуту лесу лічыць, што завышанае ўтрыманьне радыенуклідаў ёсьць толькі ў кары дрэваў. Таму дрэвы ў лясах з узроўнем радыяцыйнага забруджваньня ад 15 да 40 кюры на 1 кв. км можна ачышчаць ад кары з дапамогай мабільных акорачных комплексаў, а драўніну пускаць у вытворчасьць.

Ініцыятыва Кавалевіча цалкам укладаецца ў дзяржаўную праграму асваеньня забруджаных тэрыторый. Год таму Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што ў гэтую пяцігодку спыняцца размовы пра тое, што Беларусь — чарнобыльская рэспубліка. Актыўна ідзе выкарыстаньне сельскагаспадарчых тэрыторый, укладаюцца грошы ў мадэрнізацыю прадпрыемстваў, па разьмеркаваньні ў так званую «чарнобыльскую зону» накіроўваюцца маладыя спэцыялісты.

«Мы нямала зрабілі за апошні час, і я не шкадую ані часу, ані сіл, якія мы затрацілі на рэанімацыю , на адраджэньне чарнобыльскіх земляў. У гэтым кірунку будзем дзейнічаць і далей, — кажа Аляксандар Лукашэнка.

Юры Варонежцаў, былы дэпутат ВС СССР, адзін з заснавальнікаў сацыяльна-экалягічнага саюзу «Чарнобыль», упэўнены: «гэтую зямлю нельга чапаць яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў».

Юры Варонежцаў: «Распрацоўка гэтых земляў ня можа быць эканамічна апраўданай. Так, там можна вырасьціць адносна чыстую прадукцыю. Але яна будзе настолькі дарагая, што калі гэтыя грошы ўкласьці ў чыстыя палі на Гарадзеншчыне і на Віцебшчыне, то аддача будзе на парадак большая».

Ужо цяпер замежныя пакупнікі адмаўляюцца ад прадукцыі з драўніны, якая паходзіць з забруджаных раёнаў:

Некаторыя беларускія прадпрыемствы, якія баяцца браць з Хойнікаў, напрыклад, матэрыялы. Яны далей робяць прадукцыю на экспарт, напрыклад, для Іkea
«Афіцыйна, вядома, ніхто з такой прычыны не адмаўляецца. Але ёсьць некаторыя беларускія прадпрыемствы, якія баяцца браць з Хойнікаў, напрыклад, матэрыялы. Яны далей робяць прадукцыю на экспарт, напрыклад, для Іkea, — кажа начальнік упраўленьня вытворчасьці і рэалізацыі прадукцыі Мінлесу Аляксандар Сурта.

Па ягоных словах, прадукцыя з драўніны рэалізуецца на экспарт.

«З гомельскага рэгіёну ў нас рэалізуецца прадукцыя — і з Камарына, і з Хойнікаў, і з Нароўлі. Пастаўляем на экспарт для плітнай вытворчасьці. Толькі веткаўскі спэцлесгас нічога не экспартуе — там такая ўжо радыяцыя высокая», — распавядае Сурта.

«Гэтыя апасеньні апраўданыя. Кожнае бервяно не праверыш. Аналіз вельмі дарагі, таму яго праводзяць выбарачна. Лесасеку высеклі, два-тры бервяны праверылі — і наперад. Натуральна, пакупнікі апасаюцца, бо ведаюць, якія штрафы ім давядзецца заплаціць, калі спажывец знойдзе ў сябе ня надта чыстую прадукцыю», — тлумачыць Юры Варонежцаў.

Што да прапановы дырэктара Інстытуту лесу, то Варонежцаў ставіцца да яе вельмі скептычна: «Уявіце, што мы пачнём гэтыя распрацоўкі — будуць абпраменьвацца работнікі, якія пілуюць лес. Сапраўды, больш радыяцыі ў кары і павярхоўных слаях. А куды ён прапаноўвае іх падзець? Спальваць ці захоўваць? Я надзвычай скептычна стаўлюся да гэтай прапановы. І, як было запісана ў адпаведных нарматыўных дакумэнтах, лес павінен у гэтай зоне яшчэ расьці, пакуль да моманту распаду радыенуклідаў ён ня стане больш-менш бясьпечным».

Віталь Дамнянкоў, дырэктар Беллесраду (гэта дзяржаўная ўстанова радыяцыйнага кантролю і радыяцыйнай бясьпекі ), нагадвае:

«У нас ёсьць рэглямэнтуючы дакумэнт — правілы вядзеньня лясной гаспадаркі ў зонах радыеактыўнага забруджваньня. У кожным лясгасе ёсьць пост радыяцыйнага кантролю. Ёсьць рэспубліканскія нарматывы па ўтрыманьні цэзію-137 у прадукцыі з драўніны».

Паводле гэтых рэглямэнтаў драўніна з тэрыторыяў, забруджаных на ўзроўні 15–40 кюры на кв. км, адносіцца да трэцяй ступені забруджанасьці.

«Цяпер у гэтай зоне вядуцца некаторыя працы, напрыклад, санітарныя высечкі, — тлумачыць Варонежцаў. — У прынцыпе, у гэтай прапанове няма вялікай крамолы, калі б усё гэта рабілася паводле рэглямэнту. Але я ўпэўнены, што рэглямэнты ня будуць выконвацца, і мы атрымаем вельмі дарагую драўніну. Я б яшчэ раз палічыў, бо выглядае, што драўніну таньней будзе ў Японіі купляць».

Паводле дадзеных Белстату, экспарт мэблі (у тым ліку і мэдычнай) за 2012 год склаў каля 450 мільёнаў даляраў ЗША. Праўда, ён не дасягнуў узроўню рэкорднага 2008 году (467 млн даляраў).