Пракурор патрабуе шэсьць гадоў калёніі для Навальнага

У Расеі пракурор патрабуе пакараць апазыцыйнага актывіста Аляксея Навальнага шасьцю гадамі калёніі па абвінавачаньні ў крадзяжах у кампаніі «Кировлес».
Другому абвінавачанаму па справе, Пятру Афіцэраву, пракуратура просіць прызначыць пакараньне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўленьня волі. Акрамя таго, Навальны і Афіцэраў павінны будуць пакрыць прычыненую шкоду ў памеры аднаго мільёна расейскіх рублёў кожны. Пракурор прапануе арыштаваць падсудных у зале суда.

У Ленінскім судзе Кірава ў Расеі сёньня пачаліся спрэчкі бакоў па справе аб крадзяжах у кампаніі «Кировлес». Першым выступіў дзяржабвінаваўца.

Па вэрсіі сьледзтва, Навальны, які быў дарадцам губэрнатара Кіраўскай вобласьці, арганізаваў крадзеж лесу, уступіўшы ў змову з дырэктарам «Вятской лесной компании» Пятром Афіцэравым і гендырэктарам «Кировлеса» Вячаславам Апалевым. Урон дзяржаве ацэньваецца больш чым на 16 мільёнаў рублёў.

Навальны неаднаразова заяўляў аб палітычнай матываванасьці працэсу.