На пікетоўца супраць расейскай авіябазы склалі пратакол

Мікалай Гладышаў пікетуе Магілёўскі гарвыканкам

Актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Гладышава, які 4 ліпеня зладзіў адзіночны пікет супраць намераў разьмясьціць у Беларусі расейскую авіябазу, вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства.
8 ліпеня ў Ленінскім аддзеле ўнутраных спраў Магілёва на актывіста склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня. Як пазначана ў пратаколе, Гладышаў, не атрымаўшы дазволу на пікетаваньне, «публічна выказаў пратэст супраць разьмяшчэньня замежных вайскоўцаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». У пратаколе адзначана, што актывіст на пікеце меў плякат з надпісам «Не — расейскім авіябазам на зямлі беларускай».

У міліцыю Мікалай Гладышаў прыйшоў з пакункам асабістых рэчаў на выпадак, калі яго асудзяць на адміністрацыйны арышт. У аддзеле ён прабыў менш за гадзіну. Выйшаўшы зь міліцыі, журналістам і аднапартыйцам Гладышаў заявіў, што сваёй віны не прызнаў. Сваю пазыцыю міліцыянтам ён аргумэнтаваў тым, што разьмяшчэньне расейскай ваеннай базы — гэта парушэньне беларускай Канстытуцыі:

«У 18 артыкуле гаворыцца, што Беларусь імкнецца да нэўтралітэту, а ўвод замежных войскаў — гэта парушэньне нэўтралітэту. У нашай Канстытуцыі не засталося жывога месца. Там усё парушана. І тое, што мяне затрымалі, і тое, што мне не даюць слова сказаць».

Разам з Гладышавым у міліцыю хадзіў і старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў:

«Машына запушчана. Яна нікому нічога не даруе. Канстытуцыя нам гарантуе — першае слова: „Свабоду правядзеньня…“ А тут атрымліваецца, што ніякіх свабодаў няма. Раней складалі паперку на адну старонку — затым суткі ці штраф. А цяпер я бачыў у міліцыі цэлы том. Рэпрэсіўная машына становіцца ўсё больш вынаходлівай. Цяпер яны дужа добра рыхтуюцца. У іх усё цяпер абгрунтавана будзе».

Мікалай Гладышаў і Ўладзімер Шанцаў ля пастарунку


Пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня склаў супрацоўнік аддзелу міліцыі Яўген Загорскі. Калі будзе суд над Мікалаем Гладышавым, міліцыянт яму не сказаў. Паведаміў, што выклічуць позвай.

Зь пікетам Мікалай Гладышаў прастаяў непадалёк ад будынка Магілёўскага гарвыканкаму каля паўтары гадзіны. У міліцэйскім пратаколе гаворыцца пра сорак хвілін. Актывіст не аказваў супраціву, калі яго вялі ў міліцыю. Паводле Гладышава, у пастарунку міліцыянты высьвятлялі, хто падбіў яго на пікетаваньне і ці абяцалі яму за акцыю заплаціць.

У Мікалая Гладышава хворая маці, якой ён апякуецца. Сябрам АГП Гладышаў стаў незадоўга да сваёй акцыі пратэсту.