Адвакаты Баўмгертнэра высьвятляюць ягоны статус

Уладзіслаў Баўмгертнэр

Як паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар амбасады Расеі Ўладзімер Марчукоў, 28 жніўня адвакаты Ўладзіслава Баўмгертнэра падалі скаргу адносна статусу падабароннага.
«Сёньня ў ізалятары КДБ не прынялі рэчавую перадачу для Ўладзіслава Баўмгертнэра, спаслаўшыся на тое, што ў яго статус толькі затрыманага на 72 гадзіны. Таму прынялі толькі рэчы гігіены і больш нічога. Між тым раней Сьледчы камітэт Беларусі паведамляў, што ён арыштаваны на 2 месяцы. Вось гэта і спрабуюць высьветліць адвакаты ў скарзе — які ягоны статус. Скаргу адвакатаў беларускі суд мусіць разгледзіць на наступным тыдні», — сказаў Уладзімер Марчукоў.

Кантакты маскоўскіх адвакатаў, якія прыехалі ў Менск дзеля юрыдычнай дапамогі Ўладзіславу Баўмгертнэру, Уладзімер Марчукоў перадаваць адмовіўся, спаслаўшыся на адсутнасьць паўнамоцтваў. Беларускі адвакат Ірына Бурак, якая, паводле ранейшых зьвестак, удзельнічала ў першым допыце Ўладзіслава Баўмгертнэра, адмовілася адказваць на пытаньні карэспандэнта Свабоды.

Паводле Ўладзімера Марчукова, у першай палове дня 28 жніўня амбасада Расеі яшчэ не атрымала ад адпаведных органаў Беларусі дазволу на сустрэчу супрацоўніка амбасады з Уладзіславам Баўмгертнэрам у ізалятары КДБ.