Жадобін рыхтуе пляцоўку пад расейскую базу

Юры Жадобін

Паводле міністра, у Беларусі нестае сваіх самалётаў, і яна прымае расейскую авіябазу.
Міністар абароны Юры Жадобін 28 жніўня на сустрэчы з журналістамі паведаміў, што самалёты Су-27 у Беларусі больш не лятаюць:

«У іх застаўся мінімальны тэрмін па тых або іншых тэхнічных парамэтрах. Гэтыя самалёты эксплюатаваліся цягам 25 гадоў. У цяперашні час прымаецца рашэньне, што́ мэтазгодна зь імі зрабіць. Калі гэта будзе прынятае, мы альбо выставім гэтыя самалёты на продаж, альбо будзем іх мадэрнізаваць, альбо будзем іх рамантаваць. Я думаю, што да канца бягучага году нейкае рашэньне будзе ўхваленае», — цытуе міністра БЕЛТА.

Таксама на прэсавай канфэрэнцыі міністар абароны апавёў, расейская авіябаза ў Лідзе пачне функцыянаваць ужо сёлета. Між тым нарматыўных падставаў для базы яшчэ няма.

Жадобін: «У 2013–2014 гадах будзе падрыхтавана нарматыўная база, а потым мы прыступім да падрыхтоўкі аб’ектаў для разьмяшчэньня авіяцыі Расеі ў Беларусі».

Міністар прызнаў, што ўжо да канца гэтага году «на тэрыторыі Беларусі зьявіцца невялікае расейскае падразьдзяленьне, якое будзе выконваць пэўныя функцыі».