На сустрэчу з Баўмгертнэрам пойдуць двое дыпляматаў

Уладзіслаў Баўмгертнэр

У амбасадзе Расеі ў Беларусі пацьвердзілі, што сустрэча з гендырэктарам «Уралкалія» Ўладзіславам Баўмгертнэрам адбудзецца раніцай у пятніцу.
Загадчык консульскага аддзела расейскай амбасады Ігар Карагін паведаміў, што ў пятніцу на сустрэчу да Ўладзіслава Баўмгертнэра накіруюцца два супрацоўнікі амбасады. Дыплямат адзначыў, што сустрэчу перанесьлі з чацьвярга на пятніцу з прычыны неабходнасьці разьвязаць арганізацыйныя пытаньні, у тым ліку з адміністрацыяй СІЗА.

Ён растлумачыў, што падчас гэтай сустрэчы Ўладзіславу Баўмгертнэру плянуецца перадаць паводле сьпісу рэчы, запытацца, ці няма скаргаў. Ігар Карагін таксама паведаміў, што падрыхтаваны пералік пытаньняў пра акалічнасьці затрыманьня Ўладзіслава Баўмгертнэра, на якія плянуецца пачуць адказы. Гэтую інфармацыю, а таксама інфармацыю пра наяўнасьць скаргаў перададуць адвакатам.

Консул заўважыў, што беларускі бок выканаў працэдуру забесьпячэньня консульскага доступу, даўшы дазвол на сустрэчу консульскіх работнікаў з Уладзіславам Баўмгертнэрам на працягу 3 сутак з моманту затрыманьня. «У сераду амбасаду праінфармавалі, што згода ёсьць. Усё знаходзіцца ў прававым полі. Усе працэдуры выкананыя. Пачатак пакладзены», — сказаў ён.

Пазьней супрацоўнікі амбасады будуць зьвяртацца па новыя сустрэчы. Спадар Карагін зьвярнуў увагу, што далейшыя сустрэчы павінны праходзіць не радзей як адзін раз на месяц.

Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.