Баўмгертнэр на ўмовы зьняволеньня ня скардзіцца

Гаўрыіл Мамантаў, першы сакратар консульскага аддзелу расейскай амбасады

Статус Уладзіслава Баўмгертнэра дагэтуль невядомы.
Пра гэта паведаміў Гаўрыіл Мамантаў, першы сакратар консульскага аддзелу расейскай амбасады, які сёньня меў сустрэчу з затрыманым генэральным дырэктарам Беларускай калійнай кампаніі.

Інтарэсы Ўладзіслава Баўмгертнэра абараняюць тры беларускія адвакаты. Мамантаў зазначыў, што гэта адбываецца ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам. Сёньня яны таксама маюць сустрэчу з падабаронным.

«З Уладзіславам Артуравічам адбылася сустрэча. Мы выказваем удзячнасьць за тое, што нам апэратыўна далі такую магчымасьць.

Адчувае ён сябе нармальна, але выглядае стомленым. Скаргаў на ўмовы ўтрыманьня няма. Стаўленьне да яго карэктнае, якіхсьці фактаў прыніжэньня ці неадпаведнага стаўленьня да яго няма.

Ён прасіў перадаць сваёй маці, што пачуваецца добра.

Што тычыцца допуску адвакатаў, то была дасягнутая дамоўленасьць, што беларускія адвакаты будуць дапускацца да яго хаця б раз на тыдзень.

У яго была заўвага, што ён сустракаўся з адвакатам толькі пры затрыманьні ў аэрапорце — тады гэта быў грамадзянскі абаронца, а таксама пры допытах. Тлумачылі нам гэта тым, што гэта тэхнічныя пытаньні, што ў СІЗА КДБ абмежаваная колькасьць памяшканьняў для такіх сустрэч. Але, улічваючы грамадзкі рэзананс, дасягнутая дамоўленасьць, што сустрэча з адвакатамі будзе раз на тыдзень.

Расейскае консульства трымае сытуацыю на сталым кантролі, і мы будзем рабіць усе захады, каб у дачыненьні да расейскага грамадзяніна выконваліся ўсе нормы беларускага заканадаўства і прынцыпы двухбаковай канвэнцыі аб консульскіх дачыненьнях.
Да сёньняшняга дня доступу да СМІ ў яго не было

Іншых заяваў Баўмгертнэр не рабіў. Скаргаў на ўмовы ўтрыманьня няма.

Адвакаты будуць дапамагаць яму атрымаць тэлевізар у камэру, бо да сёньняшняга дня доступу да СМІ ў яго не было. Яму было паведамлена пра рэзананс на сытуацыю ў цэлым, рэакцыю ў сьвеце і ў Расеі.

Камэнтаваць саму справу я не магу, але магу канстатаваць, што ў дачыненьні да расейскага грамадзяніна не адзначаецца пакуль ніякіх парушэньняў.

Мы дапамаглі адвакатам перадаць яму пасылку з асабістымі рэчамі. Ён папрасіў кнігу „Ганна Карэніна“, мае права таксама карыстацца беларускай бібліятэкай. Супрацоўнікі СІЗА таксама яму далі пісьмовыя прылады».

Мамантаў выказаў спадзяваньне, што консулам і надалей будзе дадзена магчымасьць сустракацца з затрыманым Уладзіславам Баўмгертнэрам.