Снапкоў спадзяецца на хуткае і пазытыўнае завяршэньне «калійнай вайны»

Мікалай Снапкоў.

Міністар эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў лічыць, што канфлікт, зьвязаны з «калійнай справай», ня будзе зацяжным, і што Беларусь зможа самастойна пазыцыянаваць сябе на калійным рынку.
«У сваіх ацэнках я не адзін. Многія экспэрты кажуць, што канфлікт будзе кароткачасовым. І „Ўралкалій “, як бок, які разарваў адносіны, павінен будзе дамовіцца, каб захаваць на рынку парытэт», — заявіў Снапкоў падчас наўпростай тэлефоннай лініі ў газэце «Рэспубліка». "Хоць любую справу лепш рабіць разам. Але калі ўсё ж і будзе захоўвацца такая сытуацыя, я ўпэўнены, што мы ніякім чынам не прападзем",— сказаў ён.

«Паводле маіх асабістых ацэнак, наша кампанія («Беларуськалій») лепшая за «Ўралкалій». Хоць сабекошт экспарту ў нас крыху вышэйшы (на $ 100 за тону), але ў нас значна лепшая лягістыка. І я ўпэўнены, што мы цалкам здольныя самастойна сябе пазыцыянаваць на калійным рынку. Незалежна ад таго, якая формула будзе ў далейшым: цана альбо аб’ёмы, як прадэкляраваў "Уралкалій",— адзначыў міністар эканомікі Снапкоў.

Ён выказаў перакананьне, што ўсё скончыцца для Беларусі пазытыўна:

«Мы на самой справе такая краіна, у такім месцы, з такім народам, што што б ні адбылося, у канчатковым рахунку ўсё выліваецца для нас у пазытыў. Напэўна, таму што мы пад Богам. Таму я ўпэўнены, што і „калійная эпапэя“ скончыцца ў выніку для нас пазытыўна».