Еўтушэнкаў не хацеў "Уралкалія"

Асноўны ўладальнік АФК "Сыстэма" Ўладзімір Еўтушэнкаў абверг інфармацыю, якая зьявілася ў СМІ, пра свой намер купіць долю ва "Ўралкаліі" .
Ён заявіў, што не вядзе і ня вёў у гэтым пытаньні перамоваў.

Раней Forbes паведаміў , што перамовы пра куплю долі Сулеймана Керымава ва «Ўралкаліі» вядуць саўладальнік АФК «Сыстэма» Ўладзімір Еўтушэнкаў, прэзыдэнт кампаніі «Русснефть» Міхаіл Гуцэрыеў, а таксама былы банкір і кіраўнік Дзяржбуду Ўладзімір Коган.

Крыніца, блізкая да «Ўралкалія», пацьвердзіла Інтэрфаксу цікавасьць гэтых бізнэсоўцаў да набыцьця Керымаўскага пакета і адзначыла , што Еўтушэнкаў і Гуцэрыеў вядуць перамовы сумесна.

Раней кіраўнік маскоўскай калегіі адвакатаў «Аляксандар Дабравінскі і партнэры» Аляксандар Дабравінскі ў Facebook паведаміў, што Керымаў прадаў буйны пакет акцыяў «Уралкалія» нейкаму банкіру зь Пецярбургу, і выказаў думку, што гаворка, магчыма, ідзе пра Когана.

Прадстаўнік кампаніі «Нафта Масква» абверг інфармацыю пра продаж Керымавым акцыяў «Уралкалія».