Міліцыянтаў прышчэпяць бясплатна

Масавая імунізацыя насельніцтва Беларусі супраць грыпу пачнецца 1 кастрычніка.
Пра гэта журналістам паведаміла намесьнік начальніка аддзелу гігіены, эпідэміялёгіі і прафіляктыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

Сёлета ў Беларусі будуць цыркуляваць тыя ж штамы грыпу, што і ў мінулым годзе — Н1N1, Н3N2 і вірусы групы В.

Паводле Іны Карабан, за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту будуць прышчапляць вакцынай кітайскай вытворчасьці «Флюваксін».

Яна адзначыла, што ўсе вакцыны, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі, бясьпечныя і аднолькава эфэктыўныя.

У гэтым годзе дзяржава закупіла каля 1,8 млн. дозаў вакцынаў супраць грыпу, кошт кожнай складае каля 3 даляраў. Прышчапіць супраць грыпу плянуецца больш за 36% насельніцтва Беларусі, зь іх каля 18% — за кошт бюджэтных сродкаў.

Бясплатную прышчэпку ў Беларусі робяць хворым з хранічнай паталёгіяй органаў дыханьня, эндакрыннай і сардэчна-сасудзістай сыстэм, цяжарным, старэйшым за 65 гадоў, дзецям ад шасьці месяцаў да трох гадоў. А таксама кантынгенту падвышанай рызыкі захворваньня — працаўнікам сыстэмы адукацыі і аховы здароўя, дзецям, пэнсіянэрам, супрацоўнікам МНС, МУС і іншым, паведамляе БелТА.

Раней на апэратыўнай нарадзе ў мэрыі старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька даручыў прышчапіць супраць грыпу палову працоўнага насельніцтва Менска. Ён сказаў, што гэта задача «ў тым ліку эканамічнага характару».