Валошын: Размова пра супрацоўніцтва з БКК не ідзе

Аляксандар Валошын

На сайце кампаніі «Ўралкалій» адбываецца вэбкаст і канферэнц-званок «Фінансавыя вынікі па МСФС (міжнародныя стандарты фінансавай справаздачнасьці. — РС) за 1 паўгодзьдзе 2013 году і агляд стратэгіі».
Мэнэджэры «Ўралкалія» прадставілі справаздачу пра дзейнасьць кампаніі за першае паўгодзьдзе 2013 году, а таксама новую стратэгію кампаніі. Падчас прэс-канферэнцыі задаваліся пытаньні і пра канфлікт паміж «Уралкаліем» і «Беларуськаліем».

На просьбу ўдакладніць, што Аляксандар Валошын меў на ўвазе пад заявай пра магчымасьць аднаўленьня супрацоўніцтва зь «Беларуськаліем», Валошын адказаў наступнае:

Аляксандар Валошын: «Гэта было пытаньне агенцтва Інтэрфакс. Яно гучала: ці дапускаю я магчымасьць супрацоўніцтва з БКК у пэрспэктыве? І адказ быў: «У жыцьці ніколі не кажы ніколі». Тэарэтычна гэта магчыма, але практычна пра гэта цяпер не ідзе размова».

На просьбу распавесьці болей пра тое, што адбываецца з генэральным дырэктарам кампаніі Ўладзіславам Баўмгертнэрам, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ, і як гэта адбіваецца на рынку, Валошын паведаміў, што рашэньне мяняць стратэгію продажу прымалася да арышту Баўмгертнэра. Валошын адзначыў, што рашэньне пра зьмену стратэгіі прымалася з улікам інтарэсаў беларускага партнэра «Ўралкалія».

На пачатку сустрэчы Аляксандар Валошын падкрэсьліў, што дзеяньні «Ўралкалія», каб выйсьці з БКК, былі выкліканыя дзеяньнямі менавіта беларускага боку. На працягу прэзэнтацыі мэнэджэры «Ўралкалія» сьцьвярджалі, што ў іх былі зьвесткі пра тое, што «Беларуськалій» дзейнічаў за рамкамі Беларускай калійнай кампаніі. Гэта прывяло ў тым ліку і да зьмены стратэгіі, якая цяпер сфармуляваная як «аб’ём вышэйшы за цану».

На пытаньне: «Вы зьмянілі стратэгію з-за сытуацыі на рынку ці з-за праблемаў унутры БКК?» прадстаўнік «Уралкалія» адказвае наступнае:

«Мелі значэньні абодва фактары. Мы не маглі працаваць у сытуацыі, калі БКК гандляваў у абыход сумеснага прадпрыемства. Цяпер рана казаць пра нейкае магчымае аднаўленьне стасункаў зь беларускім партнэрам».

«Ці вы думаеце, што зможаце заняць долю рынку „Беларуськалія“ ці вярнуць долю рынку Canpotex?»

«Уралкалій»: «Нашая мэта — заняць долю рынку таго гульца, пазыцыя якога на рынку будзе найбольш слабая».

Магчымы продаж Сулейманам Керымавым акцыяў «Уралкалія» прадстаўнікі кампаніі традыцыйна не камэнтуюць:

Віктар Белякоў: «У нас няма ніякай афіцыйнай інфармацыі ад нашых акцыянэраў адносна зьмены нашых акцыянэраў».

У канфэрэнцыі прымае ўдзел таксама абвінавачаны ў справе «Ўралкалія» і абвешчаны праз Інтэрпол у міжнародны вышук сябар назіральнай рады Алег Пятроў.

Раней «Уралкалій» разам зь «Беларуськаліем» прытрымліваўся агульнай стратэгіі «цана вышэй за аб’ёмы». Беларуская калійная кампанія, празь якую абодва гіганты ўзгоднена прадавалі сваю прадукцыю, трымала досыць высокія кошты на ўсясьветным рынку. І гэта задавальняла абодвух партнэраў.

Аднак пры канцы ліпеня «Ўралкалій» вырашыў зьмяніць стратэгію — на першы плян выходзіць не цана ўгнаеньняў, а іх аб’ёмы. Прычынай, па словах мэнэджэраў «Уралкалія», стаў указ Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што «Беларуськалій» можа прадаваць прадукцыю ня толькі праз БКК, але і празь незалежных трэйдэраў, не афіліяваных з БКК, і не ўзгадняючы ні аб’ёмы, ні цэнавыя парамэтры.

Падчас вэб-канферэнцыі выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара кампаніі Віктар Белякоў, які замяніў на гэтым месцы Ўладзіслава Баўмгертнэра, абвясьціў, што ў першым паўгодзьдзі кампанія скараціла аб’ёмы вытворчасьці і страціла каля 30% сваёй традыцыйнай долі на рынку. Загрузка магутнасьцяў кампаніі складала каля 70%, аднак пасьля абвяшчэньня новай стратэгіі загрузка павялічылася.

Чыстая выручка кампаніі ў параўнаньні з тым жа пэрыядам мінулага году скарацілася на 30% і склала 1,348 млрд даляраў ЗША.

На канец чэрвеня чыстая запазычанасьць кампаніі склала 2,7 млрд даляраў.

У разьдзеле «ключавыя карпаратыўныя падзеі» ня згадваецца пра рашэньне Ўралкалія выйсьці са складу БКК. На першым месцы стаіць абвестка пра рашэньне «вызначыць адзіным каналам экспартнага збыту прадукцыі Кампаніі «Ўралкалій-Трэйдынг».