Вінцэсю Мудрову — 60

Вінцэсь Мудроў

Выдатнага пісьменьніка і журналіста Вінцэся Мудрова сёньня зь юбілеем вітаюць сябры і калегі.
Вінцэсь Мудроў нарадзіўся нарадзіўся 11 верасьня 1953 года ў Полацку ў сям’і вайскоўца. Скончыў Наваполацкі палітэхнічны інстытут. Працаваў інжынэрам, карэспандэнтам радыё «Свабода». Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Таварыства Вольных Літаратараў. Аўтар кніг прозы: «Жанчыны ля басэйна» (1992), «Гісторыя аднаго злачынства» (1993), «Зімовыя сны» (1999), «Ператвораныя ў попел» (2005). У сэрыі Бібліятэка Свабоды выйшла ягоная кніга «Альбом Сямейны» (2007). У 1971–1974 гадах Мудроў выдаваў у Наваполацку падпольны рукапісны літаратурны альманах «Блакітны ліхтар». У 1990-х рэдагаваў літаратурны альманах «Ксэракс Беларускі». Жыве ў Наваполацку.


Арлоў: Усяго пяць тузінаў


Пра сябра і земляка Вінцэся Мудрова піша Ўладзімер Арлоў:


Уладзімер Арлоў

«Няўжо Вінцэсю Мудрову, нашаму дарагому сябру Віньціку, ужо пяць тузінаў гадоў?», — зь недаверам падумаў я сёньня, нібыта сам пару тыдняў таму не пераступіў той самы парог.

Цяжка даць веры, што столькі дзесяцігодзьдзяў сплыло па Дзьвіне з таго часу, калі такой вось восеньскаю парою на ганку нашай 2-й наваполацкай школы, штораніцы, пільна ўглядаючыся ў стракаты натоўп вучняў, стаяў дырэктар Абрам Залманавіч Герцыковіч. Калі на даляглядзе зьяўляўся Вінцэсь, тады яшчэ Віця, па-над навакольлем разьлягаўся зычны дырэктараў голас: «Мудроў! У парыкмахерскую!»

Для большасьці з нас, тагачасных старшаклясьнікаў, і доўгія фрызуры, і прыкольныя старасьвецкія капелюшы ды палітоны з даўгім крысьсём, як і захапленьне «Бітламі» й «Ролінгамі», —усё гэта так і засталося юначаю фрондай. Для Вінцэся ж тая фронда сталася першым крокам на шляху да ўсьведамленьня сябе беларусам, да самвыдавецкага альманаху «Блакітны ліхтар», да ўсё больш упэўненых літаратурных практыкаваньняў, якія ўрэшце зрабілі сына савецкага афіцэра-расейца выбітным беларускім пісьменьнікам.

Як я не магу ўявіць без Мудрова свайго юнацтва, так не магу ўявіць нашай сучаснай літаратуры безь ягонае іранічна-настальгічнае прозы, заўсёды пазнавальнай ад самых першых радкоў адметнымі моваю й стылем, сагрэтай па-балцку стрыманым полацкім гумарам ...

Вінцэсь Мудроў ад сваёй даўняй дэбютнае кнігі «Жанчыны ля басэйну» застаецца ў ліку маіх (дый хіба толькі маіх!) улюбёных айчынных аўтараў.

Калі я апынаюся ўва ўладзе змрочнага настрою — здымаю з паліцы мудроўскі «Альбом сямейны» зь «Бібліятэкі Свабоды ХХІ стагодьдзя», пачынаю чытаць «Ложак з панцырнай сеткай» або «Фантамаса» і вельмі хутка ператвараюся ў хлопца, што сядзіць, прыціснуўшы вуха да магнітафона й захоплена лыпае вачыма. А маг шапялава азываецца: «Yesterday, all my troubles seemed so far away...»

Жыве Вінцэсь Мудроў!"


Акудовіч: Мудроў — сьветлая зьява ў сучаснай літаратуры


Філёзаф Валянцін Акудовіч шчыра віншуе Вінцэся Мудрова зь юбілеем і жадае яму плёну ў літаратурнай працы:


Валянцін Акудовіч

«Я страшэнна люблю Вінцэся Мудрова, люблю як пісьменьніка, як чалавека. Увогуле як адну з самых таленавітых і сьветлых зьяваў у сучаснай беларускай літаратуры і ў сучасным жыцьці. Мне толькі вельмі шкада, што Вінцэсь Мудроў з-за сваёй сьціпласьці ці з-за нашай абыякавасьці да іншых застаецца як бы ў прыцемку. Ён і ў самыя лепшыя свае часы ня быў нейкім вельмі публічным чалавекам, на жаль. Але разам з тым, усе, хто любяць літаратуру, хто цэніць сапраўднае мастацкае слова, досьціп, іронію, мудрасьць, гэтаксама як і я ставяцца да Вінцэся з павагай, з сымпатыяй, з удзячнасьцю за тое, што ён робіць, і, спадзяюся, што яшчэ зробіць».


Севярынец: Мудроў стаў для мяне родным чалавекам у Малым Сітне


Палітвязень Павал Севярынец, які цяпер адбывае пакараньне на «хіміі» ў вёсцы Куплін, што ў Пружанскім раёне, пазнаёміўся з Вінцэсем Мудровым, калі быў пакараны папярэднім разам і адбываў пакараньне ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну:

Павал Севярынец

«Вінцэсь Мудроў — палачанін, і для мяне ў той ссылцы ўвасабленьнем Свабоды быў менавіта спадар Вінцэсь — і Свабоды, у сэнсе Радыё Свабода, і Свабоды як такой, бо ён прыяжджаў і распавядаў мне, што адбываецца на волі. Ён заўсёды прыяжджаў зь нейкімі пакункамі і пачастункамі, штосьці ад сябе, штосьці ад полацкіх і наваполацкіх сяброў. Таму ён стаў для мяне родным чалавекам у тым краі, за што яму ўсё жыцьцё буду ўдзячны. Канешне — найлепшыя пажаданьні Вінцэсю ў дзень ягонага юбілею, зычэньні творчасьці, цеплыні, Божай ласкі, гэты чалавек варты таго, каб яго ўшаноўвалі, бо вельмі шмат зрабіў як літаратар і журналіст Радыё Свабода».

Вінцэсь Мудроў. Альбом сямейны. — 2007. — 232 с.: іл. (PDF 0,8 Mb)