У Эўропе дагэтуль пашыраны антысэмітызм

Агенцтва Эўразьвязу па фундамэнтальных правах (European Union Agency for Fundamental Rights) заявіла па выніках апытаньняў, што ў Эўропе дагэтуль пашыраны антысэмітызм.
На сайце агенцтва апублікаваныя дадзеныя з апытаньняў больш чым 5800 габрэеў з васьмі краінаў Эўразьвязу.

66% апытаных лічаць антысэмітызм галоўнай праблемай сваёй краіны, паводле меркаваньня 76%, за апошнія 5 гадоў праблема абвастрылася.

Цягам 12 месяцаў, пакуль рабіліся апытаньні, 21% рэспандэнтаў сутыкнуліся з праявамі антысэмітызму ў выглядзе зьнявагаў, зьдзекаў і нават фізычнага гвалту, пра які паведамілі 2% апытаных.

Дадзеныя Эўразьвязу апублікаваныя напярэдадні 75-й гадавіны габрэйскіх пагромаў у Нямеччыне і Аўстрыі. У ноч з 9 на 10 лістапада 1938 году былі забітыя больш за 90 чалавек, 30 тысяч арыштаваныя і зьмешчаныя ў канцлягеры, тысячы габрэйскіх дамоў, крамаў, шпіталяў і школ былі разрабаваныя. Былі спаленыя больш за тысячу сынагог.

Гэтак званая "крыштальная ноч" (альбо "ноч разьбітых вітрын") пачала кампанію зьнішчэньня габрэеў у нацысцкай Нямеччыне і на акупаваных ёй тэрыторыях. Цягам Галакосту ў часы Другой ўсясьветнай вайны былі забітыя каля 6 мільёнаў габрэеў.