Дыябэт становіцца пандэміяй

14 лістапада адзначаецца Ўсясьветны дзень барацьбы з цукровым дыябэтам. Гэты дзень — важны напамін чалавецтву пра тое, што распаўсюджанасьць захворваньня няспынна расьце.
Пра асаблівасьці цукровага дыябэту ў Беларусі Радыё Свабода пагутарыла з галоўным лекарам менскага Гарадзкога эндакрыналягічнага дыспансэру Наталяй Карловіч.

— Спадарыня Наталя, колькі ў краіне людзей, якія пакутуюць на цукровы дыябэт?

— Каля 240 тысяч чалавек.

— Наколькі востра стаіць у Беларусі праблема з гэтым захворваньнем? Колькасьць хворых павялічваецца ці зьмяншаецца?

— Праблема вельмі вострая. Аднак у Беларусі яна стаіць гэтаксама востра, як і ўва ўсім сьвеце. Зараз ва ўсім сьвеце назіраецца тэндэнцыя, якую ўжо называюць пандэміяй цукровага дыябэту, пры якой колькасьць пацыентаў з гэтым захворваньнем павялічваецца бескантрольна.

— Што значыць бескантрольна?

— Калі ёсьць лічба пацыентаў за нейкі год, то міжнародныя арганізацыі, якія займаюцца праблемай цукровага дыябэту, плянуюць з улікам штогадовага прыросту, якой стане гэтая лічба празь 5–10 гадоў. Аднак цяпер па факце праз гэтыя 5–10 гадоў лічба аказваецца нашмат большая за тую, якая прагназавалася. Таму была зроблена выснова пра тое, што цяпер дыябэт можна разглядаць як пандэмію. Прычым гэта адбываецца пераважна за кошт росту колькасьці выпадкаў захворваньня дыябэтам 2-га тыпу.

— Што можна назваць асноўнымі прычынамі захворваньня?

— Ёсьць тры асноўныя фактары, якія ўплываюць на схільнасьць да цукровага дыябэту 2-га тыпу: спадчыннасьць, узрост і атлусьценьне. Са спадчыннасьцю і ўзростам мы нічога ня можам парабіць. Тут толькі можна адзначыць, што паступова ў папуляцыі расьце колькасьць людзей, у якіх ёсьць гены схільнасьці да дыябэту. Аднак, тым ня менш, гэта фактары, якія не кантралююцца і не мадыфікуюцца, на якія мы ня можам паўплываць. Што да лішняй вагі, дык тут такая сувязь: пандэмія дыябэту ідзе прапарцыйна і ўсьлед за пандэміяй лішняй вагі. Справа ў тым, што наш лад жыцьця, дзе шмат стрэсаў і мала часу для правільнага харчаваньня і фізычнай актыўнасьці, непазьбежна вядзе да атлусьценьня. Перакусы, вечаровае спажываньне вялікай колькасьці ежы, ігнараваньне спорту — усё гэта вядзе да амаладжэньня захворваньня. Калі раней дыябэт быў больш характэрны для людзей за 40, то цяпер і моладзь, і нават дзеці даволі часта становяцца нашымі пацыентамі.

— Ці ёсьць складанасьці з выяўленьнем хваробы?

— Праблема ў тым, што дыябэт 2-га тыпу на сваім пачатку ў большасьці выпадкаў ня мае ніякіх клінічных праяваў. Як я люблю казаць, цукар у крыві не баліць і не сьвярбіць. Таму пацыент можа жыць з дыябэтам і ня ведаць пра гэта. Зварот да лекара можа быць даволі позьнім, калі ўжо пачынаюцца сур’ёзныя праблемы са здароўем у выніку ўскладненьняў, якія дае дыябэт.

— Што рабіць, каб пазьбегнуць дыябэту?

— Рашэньні тут два. Першае — гэта здаровы лад жыцьця і недапушчэньне атлусьценьня. Ёсьць добры лёзунг: «Беражыце вагу з маладосьці». Увогуле, калі ў сям’і разьвіваць звычку да здаровага ладу жыцьця і не дапускаць прыбаўленьня лішняй вагі, то можна пазьбегнуць шмат якіх хваробаў, у тым ліку і дыябэту. Другое — гэта скрынінг дыябэту. Ня трэба чакаць, калі зьявяцца першыя сымптомы, замест гэтага трэба актыўна шукаць цукровы дыябэт. Напрыклад, у нашай краіне ёсьць норма, паводле якой кожны дарослы чалавек ад 18 гадоў мае права раз на год здаваць аналіз на цукар у крыві.

— Што дзяржава робіць, каб зьменшыць колькасьць выпадкаў захворваньня?

— Рэгулярна ладзяцца акцыі прамоцыі здаровага ладу жыцьця, падчас якіх даецца інфармацыя пра цукровы дыябэт. Вельмі добрая прафіляктычная мера была прынята на ўзроўні Міністэрства аховы здароўя — гэта права на аналіз крыві на цукар. Кожны павінен пра гэта ня толькі ведаць, але і здаваць гэты аналіз. Увогуле, шмат робіцца прапаганды здаровага ладу жыцьця. Але здаровы лад жыцьця — гэта такая рэч, якую вельмі лёгка параіць, аднак вельмі складана выканаць. Чалавеку заўсёды прасьцей купіць таблетку і выпіць яе, чым правільна харчавацца. Таму прымусіць чалавека пахудзець нашмат складаней, чым прымусіць яго прымаць нейкі прэпарат.

— Ці сутыкаюцца хворыя на цукровы дыябэт з праблемамі што да атрыманьня неабходных лекаў?

— Лячэньне дыябэту ў нашай краіне бясплатнае. Дзяржава рэгулюе пералік прэпаратаў для бясплатнага лячэньня захворваньня. Вядома, гэты сьпіс уключае ня ўсе лекі, якія існуюць для лячэньня цукровага дыябэту, але ён цалкам дастатковы для адэкватнага лячэньня.