Бывай, «радыёкропка»

На пачатку году генэральны дырэктар «Белтэлекаму» Сяргей Папкоў на прэсавай канфэрэнцыі публічна заявіў, што ў Беларусі да канца 2014 году будзе адключана правадное вяшчаньне.
Пры канцы лістапада ў Віцебску міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі запэўніў, што існуючая сетка праваднога вяшчаньня захаваецца. З розных рэгіёнаў паступае інфармацыя, што людзей папярэджваюць — маўляў, неўзабаве сеткі праваднога радыёвяшчаньня будуць адключаныя. Што насамрэч чакае так званыя «радыёкропкі».

У Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі канкрэтнага адказу на пытаньне, ці сапраўды беларусаў чакае адключэньне праваднога вяшчаньня, не далі. Прэсавы сакратар Натальля Аляшкевіч патлумачыла:

«Дзе абсталяваньне састарэлае, ніхто яго аднаўляць ня будзе, таму што вы ж уяўляеце, якая гэтая сувязь старая. Правадное вяшчаньне вельмі даўно ўсталёўвалася. Але ніхто вам зараз камэнтары даваць ня будзе. Няма такога пэўнага, канкрэтнага рашэньня. І таму навошта людзей хваляваць? Тым больш — мы гэтае пытаньне вырашаем, выканкамы працуюць, раённыя ўлады. Інфармуюцца людзі, якія пражываюць у пэўных населеных пунктах і карыстаюцца, зразумела, правадным радыё. Усё робім паступова. Гэта не аднамомантная, ня разавая акцыя».

У афіцыйнай інфармацыі, зьмешчанай на сайце Белтэлекаму, даецца такое тлумачэньне: «Праводзіцца плянавая паэтапная аптымізацыя сеткі праваднога вяшчаньня, абумоўленая крытычнымі тэрмінамі эксплюатацыі апор паветраных лініяў праваднога вяшчаньня і іншых кампанэнтаў сеткі, нарматыўны тэрмін эксплюатацыі якіх скончыўся... Іх далейшая эксплюатацыя выклікае непакой што да бясьпекі тэхнічнага пэрсаналу.

Аналіз запатрабаванасьці паслугі праваднога вяшчаньня паказвае, што сёньня насельніцтва не праяўляе актыўнасьці ў падключэньні да сеткі праваднога вяшчаньня, а наадварот, колькасьць абанэнтаў устойліва зьмяншаецца».

А далей Белтэлекам раіць людзям набываць «па даступных коштах» прымачы, якія можна набыць у крэдыт і з растэрміноўкай.

І хоць канчатковае рашэньне пакуль не прынятае, скарачэньне правадных сетак у пэўных рэгіёнах ужо ідзе.

Адказная супрацоўніца Беларускага радыё, якая папрасіла не называць яе імя, распавяла Радыё Свабода:

«Гэта дарагая асалода, менавіта з-за правадоў. Ад часу ў шмат якіх месцах правады ўжо прагнілі. Наноў ставіць іх дорага. Таму, дзе стаяць слупы і захаваліся правады, там правадное радыё застанецца. Але аднаўленьня сетак ня будзе. Так, мы зьбіраліся на нараду, каб спыніць вяшчаньне, але канчатковае рашэньне не прынятае».

Але правадныя сеткі — гэта ня толькі першая праграма Беларускага радыё, гэта і сыстэма апавяшчэньня ў надзвычайных сытуацыях. Што да гэтай функцыі праваднога вяшчаньня, прэс-сакратар Мінсувязі Натальля Аляшкевіч запэўніла:

«Без сыстэмы апавяшчэньня ніхто не застанецца. І Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, і выканкамы зацікаўленыя, каб гэтая сыстэма апавяшчэньня засталася. Нейкая альтэрнатыва ў любым выпадку будзе прапанаваная».

Натуральна, моладзь, прасунутыя грамадзяне, якія карыстаюцца разнастайнымі гаджэтамі, мабільнымі прыстасаваньнямі, інтэрнэтам, глядзяць лічбавае тэлебачаньне, — яны зьнікненьня звычайнай радыёкропкі нават не заўважаць. А вось для людзей сталага веку, сельскіх жыхароў гэта будзе вялікая страта, кажа сельскі настаўнік зь Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласьці Георгі Станкевіч:

«Людзі, так бы мовіць, старарэжымныя, якія да кампутара не прывыклі, у якіх тэлевізара на кухні няма, любяць гэтае правадное радыё. Мая жонка пастаянна слухае гэтае радыё і любіць яго. Яно ёй стварае фон, для яе гэта першая крыніца інфармацыі. Магу аргумэнты прывесьці на карысьць таго, каб пакінуць гэтае радыё. Па-першае, там шмат беларускай мовы. На тэлебачаньні столькі мовы беларускай няма. А там шмат цудоўных перадач ёсьць, і для дзяцей калыханкі, і па вечарах тэатральныя пастаноўкі трансьлююцца. Па-другое, выходзяць мясцовыя навіны. Кожную раніцу а палове на сёмую — „Гавораць Бешанковічы“. Няхай там інфармацыя падаецца спрошчаная, часам такая, што патрабуе выканкам, але ж яна ёсьць, і народ цікавіць. З гэтага пункту гледжаньня можна б было і прадоўжыць дзянькі правадных сетак».

Сёньня паслугамі праваднога вяшчаньня карыстаюцца больш за мільён фізычных і амаль 234 тысячы юрыдычных асобаў.