Тэлежурналістаў выправадзілі зь Мёраў

Здымачную групу, у складзе якой журналісты Сяржук Кручкоў, Наста Рэзьнікава і апэратар Аляксандар Пацееў, тры гадзіны пратрымалі ў Мёрскім РУУСе «для высьвятленьня асобаў».
Потым, пасьля ўзятых тлумачэньняў, іх пры суправаджэньні міліцэйскай машыны прымусілі пакінуць Мёры.

«Нас суправаджалі міліцыянты да выезду з гораду. Мы, дарэчы, не пасьпелі зрабіць ніякіх здымкаў, бо як толькі расчахлілі сваю апаратуру, да нас тут жа пад’ехала міліцэйская машына і нас пачалі затрымліваць. Не выключаю, што нас там ужо чакалі. У пастарунку нам настойліва параілі ня весьці здымкаў, бо там праводзяцца нейкія вучэньні, і нават назвалі чатыры вуліцы, дзе здымаць забаронена наогул. Нас папярэдзілі, што калі мы ўсё ж зробім свае здымкі нейкім абыходным шляхам, то дзеяньні міліцыянтаў будуць больш брутальнымі і нам могуць прышпіліць адказнасьць за непадпарадкаваньне», — апавёў Сяржук Кручкоў карэспандэнту Свабоды пасьля вызваленьня з пастарунку.

Тэлежурналісты Белсату прыехалі ў Мёры, каб падрыхтаваць рэпартаж пра адключэньне цягам тыдня цяпла ў кватэрах мясцовых жыхароў.