Гішпанская прынцэса — ў судзе

Малодшая дачка караля Гішпаніі Хуана Карласа прынцэса Крысьціна дае паказаньні ў судзе па справе аб карупцыі і махлярстве, галоўным падазраваным у якой праходзіць яе муж Іньякі Урдангарын.
Гішпанская прынцэса Крысьціна атрымала позву ў суд — у сувязі з расьсьледаваньнем справы аб датычнасьці яе мужа да карупцыйных зьдзелак. Упершыню ў гісторыі Гішпаніі член каралеўскай сям’і паўстане перад судом у сувязі з расьсьледаваньнем крымінальнай справы. Муж прынцэсы падазраецца ў прысваеньні мільёнаў эўра з бюджэтаў рэгіянальных органаў улады.

Прынцэса і яе муж адмаўляюць датычнасьць да якіх-небудзь злоўжываньняў. Ніякія абвінавачваньні ім да гэтага часу не выстаўленыя. Муж прынцэсы Крысьціны падазраецца ў арганізацыі ўрачыстых мерапрыемстваў па моцна завышаных цэнах у некалькіх рэгіёнах Гішпаніі, а сама прынцэса — у тым, што выдаткавала на асабістыя патрэбы частку грошай, прысвоеных мужам.

У сувязі з карупцыйным скандалам вакол каралеўскай сям’і, які працягваецца ўжо некалькі гадоў, прадстаўнікі манарха прызнаюць шкоду, нанесеную рэпутацыі караля Хуана Карласа. Грамадзкія апытаньні паказалі, што папулярнасьць манарха прыкметна зьнізілася.