У Росіцы ўшанавалі памяць спаленых вяскоўцаў і сьвятароў

Your browser doesn’t support HTML5

У вёсцы Росіца Верхнядзьвінскага раёну на Віцебшчыне адбыліся ўрачыстасьці з нагоды 71 гадавіны росіцкай трагедыі.
16 лютага 1943 году нацысты спалілі тут паўтары тысячы мясцовых жыхароў, у тым ліку дваіх каталіцкіх сьвятароў — Юрыя Кашыру і Антона Ляшчэвіча, якія не пакінулі сваіх парафіянаў да апошняга.

Сьвятую імшу і працэсію на месца пакутніцкай сьмерці дабраслаўлёных айцоў-марыянаў і вернікаў узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

З нагоды дня памяці росіцкіх пакутнікаў ксёндз-біскуп Алег Буткевіч сказаў:

«Росіца — гэта адно са шматлікіх месцаў у нашай краіне, дзе было праліта шмат крыві. Зь іншага боку — пэўна, з Божага провіду — гэтае месца сталася знакам мужнасьці ў вызнаваньні веры. Ахвяра сьвятара, асабліва калі гэтая ахвяра зь ягонага жыцьця — гэта заўсёды нагадваньне пра ахвяру самога Езуса. Таму для людзей — гэта жывы знак, жывы дотык да тае рэчаіснасьці, якую нам абвяшчае Эвангельле».

Удзельнікі сьвятой імшы, манашкі і сьвятары на чале зь біскупам Буткевічам прайшлі працэсіяй той апошні шлях, якім рушылі дабраслаўлёныя ксяндзы Юрый Кашыра і Антон Ляшчэвіч разам зь людзьмі, каб завяршыць сваё зямное жыцьцё ў агні. Цяпер на гэтым месцы паўстае мэмарыял, у цэнтры якога — шматмэтровы каталіцкі крыж.

Завяршэньнем дня памяці сталася супольная малітва на месцы згубы росіцкіх пакутнікаў, якую завяршыў малітоўны гімн «Магутны Божа».