Віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады: Украіна ня ў стане даць ваенны адпор Расеі

Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны, сьпікер Вярхоўнай Рады Аляксандр Турчынаў скасаваў пастанову Крымскага парлямэнту аб рэфэрэндуме.

Як паведамляе УНІАН, напярэдадні Турчынаў заявіў, што спыніў рашэньне крымскага парлямэнту аб рэфэрэндуме па пытаньні далучэньня да Расеі, а таксама паведаміў, што Вярхоўная Рада будзе ініцыяваць роспуск парлямэнту аўтаноміі. Вярхоўны Савет аўтаномнай рэспублікі Крым заявіў, што крокі Турчынава «ня маюць прававых наступстваў».

Сёньня ж на брыфінгу ў Украінскім крызысным мэдыя-цэнтры ў Кіеве віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Руслан Кашулінскі заявіў, што ўлада хоча вырашыць крымскую праблему дыпляматычным шляхам, разумеючы, што краіна ня ў стане даць ваенны адпор Расеі.